Прарасійскія актывісты будуць раздаваць «георгіеўскія стужачкі».
Актывісты арганізацый, якія ўваходзяць у Каардынацыйны савет расійскіх суайчыннікаў у Беларусі, заклікалі сваіх прыхільнікаў выйсці на акцыю, нягледзячы на забароны. Іх просяць браць з сабой шпількі для замацавання «георгіеўскіх стужак», якія будуць раздаваць непасрэдна ў месцах збору, ужо вызначаных для кожнага горада.
Так, у Мінску, дзе акцыя не была дазволеная, прарасійскія актывісты плануюць сабрацца на пляцоўцы каля Дома-музея І з’езда РСДРП а 18:00 для ўдзелу ва ўскладанні кветак. У Магілёве яны збяруцца на плошчы Леніна каля газона насупраць помніка, каб далучыцца да шэсця «Беларусь памятае».
Банэры «Несмяротны полк» дазволеныя толькі ў Брэсце і Віцебску. А ў Гомелі склалася цікавая сітуацыя: кожны год мясцовыя ўлады ставяць калону прарасійскіх актывістаў у розных месцах, каб не было адзінага пункта збору. Там прапануюць арыентавацца на расцяжку «Памятаем подзвіг савецкага народа-пераможцы». У Гродне ахвотных збіраюць каля фудкорта мясакамбіната на Савецкай плошчы.