У Крычаве міліцыя прымусіла асоб, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, чысціць снег у мясцовым Парку Перамогі, дзе амаль не бывае людзей.
У РАУС гэта назвалі мерапрыемствам у межах «групавога выхаваўчага праекта». Супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспекцыі Крычаўскага РАУС выклікалі каля пяці раней судзімых і цяпер беспрацоўных грамадзян, якія знаходзяцца ў іх на ўліку, і прымусілі іх да працы.
З мэтай «прыцягнення ўвагі да пытанняў сацыяльнай адказнасці» іх з лапатамі перавялі праз дарогу ад будынка РАУС — у Парк Перамогі, дзе размешчаны мемарыяльны комплекс «Курган Славы» і памятны знак да 100-годдзя ўтварэння пагранічных войскаў (усталяваны ў 2018 годзе). Абвешчаных «асацыяльнымі» грамадзян прымусілі чысціць снег на дарожках, па якіх практычна ніхто не ходзіць. Парк Перамогі ў Крычаве знаходзіцца далёка ад жылых мікрараёнаў.

Нагадаем, з 1 красавіка 2025 года ў адпаведнасці з загадам міністра МУС у Беларусі рэалізуецца «Комплекс дадатковых мер па аказанні прафілактычнага ўздзеяння ў дачыненні да працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, у тым ліку асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця».
На практыцы гэта азначае прымусовую працу грамадзян з уразлівых слаёў насельніцтва.