Журналістка дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Гродна» Кацярына Старчавая зняла антыўкраінскі дакументальны спецрэпартаж. Ім «Рассацрудніцтва» ў Гродне адзначыла пачатак “СВА”.

У памяшканні «Рускага дома ў Гродне» сабралі студэнтаў, якім 24 лютага, у дзень пачатку вайны Расіі супраць Украіны, паказалі працу журналісткі гродзенскай абласной тэлестудыі Кацярыны Старчавай «Айдар». «Канцлагер XXI стагоддзя».

Сама «дакументалка» складаецца з двух маналогаў нібыта мясцовых жыхароў на тэрыторыі закінутага прамысловага прадпрыемства ў Старабельскім раёне Луганскай вобласці, акупаванай Расіяй пасля 24 лютага 2022 года. У фільме добраахвотнікаў украінскага батальёна «Айдар» параўноўваюць з нацыстамі.

Луганскі інфармацыйны цэнтр са спасылкай на «Рассацрудніцтва» сцвярджае, што здымкі праходзілі восенню мінулага года падчас паездкі ў «ЛНР». Рэпартаж распавядае пра тое, «як на базе “Айдара” ў будынку былога каўбаснага цэха быў створаны сапраўдны канцлагер, у якім з 2014 года чыніліся зверствы ў дачыненні да мірнага насельніцтва».

Раней Кацярына Старчавая ўжо здымала падобны агітацыйны матэрыял. У траўні 2025 года ТРК «Гродна» паказвала яе фільм «Луганскі дзённік. Погляд з Беларусі». Перад гэтым пры падтрымцы Маскоўскага дома суайчыннікаў і Сусветнага каардынацыйнага савета расійскіх суайчыннікаў яна ўдзельнічала ў якасці трэнера ў працы медыяшколы PROMedia для прарасійскіх актывістаў у краінах СНД.

У маі 2024 года ў Луганскім дзяржаўным універсітэце імя Уладзіміра Даля яна правяла майстар-клас і была прадстаўлена як загадчыца аддзела падрыхтоўкі тэлевізійных праграм РУП «Тэлерадыёкампанія “Гродна”», “адна з найлепшых журналістак Беларусі”. За год да гэтага 27-гадовая Кацярына Старчавая сама праходзіла навучанне ў медыяшколе ўрада Масквы для «маладых суайчыннікаў за мяжой».