У шклоўскай Александрыі падлеткі з ваенна-патрыятычнага клуба «Усход» прынялі прысягу пад наглядам афіцэраў канвойнай часткі, якая ахоўвае калоніі Магілёўскай вобласці.
У мінулую суботу, 17 студзеня, для гэтага спецыяльна правялі ўрачыстае мерапрыемства ў Александрыйскім цэнтры культуры і адпачынку. Паўтара дзясятка навучэнцаў школы ў вайсковай форме з шаўронамі «Унутраныя войскі — ВПК» выстраіліся на сцэне насупраць залы, дзе за імі назіралі намеснік камандзіра в/ч 6713 па ідэалогіі Сяргей Клімашонак і каля пяці прадстаўнікоў мясцовага начальства. Для масавасці ў Дом культуры прывялі выхаванцаў іншага — раённага ВПК «Шчыт» пад патранажам Шклоўскага РАУС.

Кіраваў цырымоніяй прысягі кіраўнік клуба Аляксандр Сафонаў — старшы афіцэр па патрыятычным выхаванні 5-га асобнага стралковага батальёна в/ч 6713, які ахоўвае шклоўскую папраўчую калонію № 17, дзе 21 мая 2021 года загінуў палітвязень Вітольд Ашурак.
В/ч 6713 дыслакуецца ў Магілёве на Слаўгарадскім шашы, дзе размешчаная ПК-15, якую першапачаткова і было прызначана ахоўваць гэтае канвойнае падраздзяленне. Таксама ў склад часткі ўваходзяць 2-гі асобны стралковы батальён у Горках, які ахоўвае ПК-9, і 4-ы асобны стралковы батальён, што ахоўвае ПК-2 у Бабруйску.
Пры в/ч 6713 былі створаныя падлеткавыя ВПК «Абаронца» ў Магілёве (сумесна з дзіцячым цэнтрам «Юнацтва») і «Зубр» у Бабруйску. Акрамя таго, інструктары часткі працуюць з аднайменным ВПК «Зубр» у Касцюковічах. У задачы в/ч 6713 таксама ўваходзяць патруляванне вуліц і разгон масавых мерапрыемстваў.

Нагадаем, мілітарысцкая прапаганда з пункту гледжання правоў чалавека можа адносіцца да злачынстваў супраць дзяцінства. Паводле Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці, як мінімум гаворка ідзе пра неўзабеспячэнне права дзяцей на захаванне сваёй ідэнтычнасці. Для дзяцей ва ўзросце ад 11 да 17 гадоў, у крытычны перыяд фармавання асобы, такая прапаганда можа мець доўгатэрміновыя наступствы.