Пасля навагодніх святаў падлеткі з Магілёўскага кадэцкага вучылішча здавалі экзамен на пераадольванне ваеннай эстафеты для афіцэраў.

Праграму для такіх спаборніцтваў распрацаваў кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Віктар Ермакоў. З усіх узводаў вучылішча былі сфармаваныя восем каманд па 11 чалавек. У эстафеце ўдзельнічалі нават першакурснікі — дзеці 13–14 гадоў.

Выпрабаванні ўключалі дзевяць этапаў, у якіх спартыўныя дысцыпліны былі аб’яднаныя з элементамі баявой падрыхтоўкі. Усю дыстанцыю падлеткі пераадольвалі з аўтаматам Калашнікава. Акрамя разборкі і зборкі зброі, яны займаліся снаражэннем магазіна на 30 патронаў. Выпрабаванні ўключалі бег у процігазах і транспарціроўку скрыняў з боепрыпасамі, а таксама эвакуацыю параненага без насілак.

Нагадаем, мілітарызацыя школьнікаў з пункту гледжання правоў чалавека можа адносіцца да злачынстваў супраць дзяцінства. Паводле Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці, як мінімум гаворка ідзе пра незабеспячэнне права дзяцей на захаванне сваёй ідэнтычнасці. Для дзяцей ва ўзросце ад 11 да 17 гадоў, у крытычны перыяд фармавання асобы, такая прапаганда можа мець доўгатэрміновыя наступствы.