БПЦ узнагародзіла начальніка ДВП генерал-маёра Алега Маткіна незвычайным медалём.

У Галоўным упраўленні Дэпартамента выканання пакаранняў МУС адбылася сустрэча кіраўніка Сінадальнага аддзела па турэмным служэнні Беларускай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага патрыярхату протаіерэя Георгія Лапухова з кіраўніцтвам ДВП.

Падобныя сустрэчы на пачатку года ўжо сталі традыцыяй, і ў гонар Раства па старым календары царкоўны служыцель уручыў Алегу Маткіну юбілейны медаль «900-годдзе Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра ў горадзе Полацку».

Адзначым, што ўзнагарода, заснаваная да даты ўтварэння манастыра (1125 год), у мінулым годзе ўручалася толькі тым прадстаўнікам духавенства і ўлады, хто ўнёс значны ўклад у аднаўленне абіцелі. Пасведчанні да яе падпісваў асабіста Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх Веніямін. Чаму менавіта гэтым медалём быў узнагароджаны генерал-маёр унутранай службы, застаецца незразумелым.

Узнагароджанне прайшло кулуарна. На сустрэчы, як і ў папярэднія гады, традыцыйна прысутнічаў толькі намеснік начальніка ДВП, адказны за выпраўленчы працэс, палкоўнік Уладзіслаў Мандрык.