У бабруйскай папраўчай калоніі № 2 з новага года забаранілі перадаваць крэмы для рук і твару.
З-за рэзкага пахаладання ў асуджаных, якія адбываюць пакаранне ў ПК-2 і працуюць у прамзоне, з’явіліся праблемы з трэшчынамі на скуры рук, у некаторых — да крывацёку. Неабходных сродкаў дагляду ў зняволеных няма.
Адміністрацыя калоніі лічыць, што асуджаныя маюць магчымасць набываць патрэбныя гігіенічныя сродкі падчас «атаваркі» ў турэмнай краме. Так яны адказваюць сваякам асуджаных. Аднак колькасць грошай, даступных на гэтыя мэты, абмежаваная. Перадаваць у перадачах цяпер дазволена толькі крэмы для галення.
Адзначым, што праблемы з абмаражэннем рук зафіксаваныя і ў магілёўскай ПК-15 пасля ўзмацнення маразоў.
Яшчэ адно дзіўнае абмежаванне для асуджаных – у мазырскай папраўчай калоніі № 20 з новага года забаранілі гель для душа.
Пасля 1 студзеня ў ПК-20 дазволеныя толькі шампуні. Адміністрацыя калоніі ніяк не тлумачыць гэтую забарону, аднак вядома, што апошнія два тыдні перад Новым годам кантралёры ў абавязковым парадку пералівалі гелі ў празрыстую тару.