Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова падпісаў «План сумесных мерапрыемстваў» з ваеннымі структурамі — абласным ваенкаматам і 188-й гвардзейскай інжынернай брыгадай.
Гаворка ідзе пра «вучэбна-выхаваўчую працу са студэнтамі факультэта фізічнага выхавання». На ўрачыстую цырымонію падпісання дамовы ў якасці гледачоў прывялі студэнтаў першага курса факультэта фізвыхавання, ужо апранутых у вайсковую форму без апазнавальных знакаў.
Дамову падпісалі рэктар універсітэта Юрый Машын, ваенны камісар вобласці палкоўнік Максім Уласаў і камандзір 188-й брыгады палкоўнік Дзмітрый Пачкоў. Усе фармальна адзначылі
«важнасць супрацоўніцтва паміж адукацыйнымі ўстановамі і ваеннымі для фармавання патрыятызму ў моладзі».
Ваенкамат паабяцаў, што такое партнёрства адкрывае «новыя магчымасці для студэнтаў», але не ўдакладніў, якія менавіта.
На практыцы гэтая дамова азначае, што акцэнт у адукацыі цяпер будзе зроблены на падрыхтоўцы школьных ваенных кіраўнікоў і ідэолагаў.

Раней факультэт забяспечваў атрыманне вышэйшай адукацыі спартсменамі найвышэйшай кваліфікацыі — алімпійскімі чэмпіёнамі, удзельнікамі чэмпіянатаў свету і Еўропы. Дзесяткі студэнтаў і сёння з’яўляюцца чальцамі зборных каманд Рэспублікі Беларусь. Аднак ва ўмовах санкцый і недапуску да спаборніцтваў профіль дзейнасці паступова змяняецца.