17 снежная стала вядома, што гарадскі рыцарскі клуб “Барысфен” прызнаны беларускімі сілавікамі экстрэмісцкім фармаваннем.
Адпаведнае рашэнне прыняла Міністэрства унутраных спраў Беларусі.
У лістападзе MSPRING.MEDIA атрымалі інфармацыю, што кіраўнік рыцарскага клуба «Барысфен», рэканструктар Павел Станкевіч не выйшаў на волю пасля таго, як быў затрыманы 3 лістапада і атрымаў 15 сутак арышту. Прычыны затрымання і адміністрацыйнай справы невядомыя. Прыблізна ў тыя ж даты былі затрыманыя яшчэ два чалавекі, якія маюць дачыненне да «Барысфена», аднак ніякіх падрабязнасцяў па іх пакуль няма.
4 лістапада стала вядома, што асабістыя акаўнты Паўла Станкевіча і старонкі яго праектаў «Рыцарскі клуб “Барысфен”», «Сярэднявечны шоу-тэатр “Барысфен”» і «Падарожжа ў сярэднявечча — тур выходнага дня» ў сацыяльных сетках былі ўнесеныя ў «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
На волі Станкевіч апынуўся на пачатку снежня. Аднак прабыў вельмі нядоўга – некалькі дзён перад тым, як яго ізноў арыштавалі. Меркавана, супраць мужчыны распачалі крымінальную справу.
Народны калектыў рыцарскай сярэднявечнай культуры «Барысфен» быў створаны ў 1998 годзе і неаднаразова даваў выступленні на гарадскіх мерапрыемствах у Магілёве і іншых гарадах. Асноўныя напрамкі дзейнасці клуба — вывучэнне гісторыі беларускага сярэднявечча, культуры і побыту, рэканструкцыя адзення і даспехаў, дэманстрацыя элементаў сярэднявечнай харэаграфіі і пастаноўка турніраў.