У бабруйскай ПК-2 да Новага года «тым, хто стаў на шлях выпраўлення», абяцаюць дадатковы відэазванок.
Адміністрацыя калоніі ў мэтах заахвочвання тых, хто з ёй супрацоўнічае, прапанавала асуджаным пісаць заявы на дадатковы святочны пяціхвілінны званок. Заявы спачатку падпісвае начальнік атрада, а потым кіраўніцтва ўключае самых «благонадзейных» у спецыяльныя спісы. Ім дазволяць 31 снежня патэлефанаваць дадому па-за рэжымным графікам.
Для астатніх жа пакуль не вельмі прыемнае новаўвядзенне. Напярэдадні Новага года адміністрацыя папярэдзіла, што звычайную пісчую паперу фармату А4 цяпер нельга перадаваць у звычайнай рэжымнай перадачы. Яна будзе прымацца толькі ў рэчавой перадачы, якую вязні маюць права атрымліваць два разы на год. З чым звязана гэтае новаўвядзенне — не тлумачыцца.