У Крычаве зноў правялі “Парад кастрычніцкіх войскаў” для дзяцей ва ўзросце ад 7 да 9 гадоў.

Крынжовы конкурс прайшоў трэці раз, а яго стваральнік Таццяна Журоўская не хавае, што задумала зрабіць яго пастаянным, нягледзячы на парушэнне Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці.

Як і летась, мерапрыемства прайшло на базе сярэдняй школы №1 Крычава і было прымеркавана да 23 лютага. Агляд-конкурс быў праведзены для навучэнцаў 2-4 класаў, а прымаў дзіцячы “парад” работнік ваенкамата Ілля Мацвіенка.

Каля ста дзяцей зноў разбілі на атрады і апранулі ў спецыяльна пашытую ваенную форму дэсантнікаў, спецназа МУС, салдат і маракоў, ДПС. Перад тым, на працягу некалькіх месяцаў, малянят вучылі хадзіць строем, выконваць каманды “раўняйся” і “смірна”. Дырэктар школы Таццяна Журоўская, якой раней указвалі на недапушчальнасць мілітарызацыі дзяцінства, заявіла, што гэта ўжо традыцыйнае мерапрыемства, якое будзе праводзіцца ў яе навучальнай установе і надалей.

“Парад кастрычніцкіх войскаў” прыдумала сама Таццяна Журоўская. Спачатку яна прымеркавала мерапрыемства да Дня Перамогі 9 траўня, але з мінулага года дата была перанесеная на 23 лютага. Нагадаем, Журоўская ў 2019-м і 2020-м гадах уваходзіла ў склад выбарчых камісій: акруговай выбарчай №83 і крычаўскай раённай, платформа ZUBR падазрае яе ў датычнасці да фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.