У магілёўскім абласным цэнтры творчасці (былым Палацы піянераў) дзяцей сабралі на “выязны дзень адчыненых дзвярэй” Ваеннай акадэміі. Дзецям зноў дэманстравалі зброю.
На імпрэзу, якая прайшла 11 лютага, кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдніх школ арганізоўвалі прымусовую яўку пад запіс. Праграма прадугледжвала агітацыю за паступленне ў сілавыя ВНУ.
На фота – навучэнцы магілёўскай СШ №19. Напачатку лютага (праз тыдзень пасля заканчэння ідэалагічнай перадвыбарнай накачкі) у школах аб’яўлены Месячнік патрыятычнага выхавання. У СШ №19 яго адкрылі ў выглядзе дадатковай урачыстай лінейкі.
Сам месячнік прысвечаны “адданасці Рэспубліцы Беларусь”, але проста “нафаршаваны” зусім рознымі тэмамі – за апошнія два тыдні прайшлі акцыі, прысвечаныя вайне ў Афганістане, Другой сусветнай вайне, Дню памяці юнага антыфашыста, партызанскаму руху, курсанты магілёўскага Інстытута МУС распавядалі пра працу ў міліцыі. Выстава зброі ў цэнтры творчасці – толькі адно з такіх мерапрыемстваў.