Яшчэ адна непрыемная навіна ад паштовай сістэмы: пры пераводах грошай у калоніі сталі патрабаваць пашпарт.
Нагадаем, чатыры дні таму мы паведамлялі, што ў паштовыя аддзяленні прыйшлі абноўленыя спісы асуджаных, каму забаронена перасылаць грошы. Супрацоўнікі пошты патлумачылі, што спісы прыйшлі з Мінска і датычацца палітычных вязняў.
Але аказалася, што гэта яшчэ не ўсё. Пачынаючы з лютага, паштовыя работнікі сталі ў абавязковым парадку правяраць пашпарты грамадзян, якія пералічваюць грошы ў папраўчыя калоніі. Пасылаць грошы вязням могуць толькі іхнія блізкія сваякі. Раней было дастаткова назваць іх пашпартныя дадзеныя і адправіць суму. Цяпер жа супрацоўнікі пошты павінны правяраць асобу адпраўніка.
Супрацоўнікі пошты неафіцыйна тлумачаць, што такое распараджэнне прыйшло з сістэмы Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП МУС), аднак не могуць сказаць на якім менавіта ўзроўні прынятае рашэнне. Адзначым, што ў некаторых выпадках – на поштах правінцыйных гарадоў, пераводы ў калоніі пасля 1 лютага былі прынятыя па-ранейшаму без праверкі пашпарта. Аднак у абласных цэнтрах зафіксаваны некалькі выпадкаў, калі ў сваякоў асуджаных пры афармленні паштовага пераводу пыталіся пра другое грамадзянства, пражыванне па адрасе прапіскі і працаўладкаванне.