І не, гэта не жарт.
РУП “Белсудэкспертазабеспячэнне”, падпарадкаванае Дзяржаўнаму камітэту судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь, адкрыла сваю краму рытуальных тавараў побач з моргам Асіповіцкага міжраённага аддзела Дзяржкамітэта (на фота).
Логіка простая: забіраючы цела памерлага з трупярні, сваякі могуць адразу набыць труну і абсалютна ўсё прыладдзе для пахавання. Але замест прыватніка на гэтым пачне зарабляць РУП “Белсудэкспертазабеспячэнне”.
Цікава, што прадпрыемства пры Дзяржкамітэце судовых экспертыз гандлюе і царкоўным прыладдзем. У залежнасці ад веравызнання памерлага, прапануюцца крыжы праваслаўныя ці каталіцкія. Акрамя таго, у вялікім асартыменце прадстаўлены свечкі па самых нізкіх коштах у горадзе (ад 50 капеек), а таксама лампады і пахавальныя царкоўныя наборы.
Афіцыйна РУП “Белсудэкспертазабеспячэнне” ажыццяўляе судовую экспертную дзейнасць на падставе ліцэнзіі, выдадзенай Дзяржаўным камітэтам судовых экспертыз, спецыялізуецца на судовых будаўніча-тэхнічных і судовых эканамічных экспертызах.