Новаўвядзенні “Белпошты” спрашчаюць жыццё звычайных грамадзян, але не ўлічваюць нормы ДВП МУС РБ.

Супрацоўнікі паштовых аддзяленняў у розных гарадах Беларусі папярэджваюць грамадзян пра новаўвядзенні. З 1 кастрычніка “Белпошта” плануе адмовіцца ад такіх адпраўленняў, як “бандэроль“, і пакідаюць толькі паняцце паштовай пасылкі рознай вагі. На кліентах гэта ніяк не адаб’ецца, нават будзе зручней. Спрашчэнне лінейкі паслуг паштовай сувязі год таму адбылося ў паштовых службах суседніх краін. Але для асуджаных у калоніях гэта падобна да катастрофы.

Photo – AP

Справа ў тым, што Крымінальна-выканаўчы кодэкс (КВК) наўпрост звязаны са старой лінейкай паслуг пошты. Артыкулы 118-125 КВК строга рэгламентуюць умовы адбыцця пакарання. Так, напрыклад, пры агульным рэжыме (арт. 118-3 КВК) асуджаны мае права атрымліваць чатыры пасылкі або перадачы і дзве бандэролі або два дробныя пакеты на працягу года.

І памыліцца нельга: бандэролі або дробныя пакеты ідуць з першымі літарамі кода “VV”, пра што сваякі асуджаных заўсёды паведамляюць паштовым работнікам. Калі не папярэдзіць, то двухкілаграмовая бандэроль залічваецца адміністрацыяй калоніі як пасылка (а яе вага можа быць да 50 кг), і тады вязень пазбаўляецца права на яе, пакуль не пройдзе некалькі месяцаў.

Цяпер жа сярод паслуг пошты застануцца толькі пасылкі. Такім чынам, вязні калоній аўтаматычна пазбаўляюцца прадугледжаных КВК бандэроляў. Мяркуючы па ўсім, “Белпошта” прыняла рашэнне без уліку інтарэсаў ДВП МУС. А ў ДВП МУС пра новаўвядзенне могуць нават не ведаць.