Фотакарэспандэнт mspring.online захаваў апошнія моманты купальнага сезона каля вадаёма, купацца у якім катэгарычна забаронена – возера яшчэ ў 2014 годзе стала месцам лакальнага экалагічнага бедства.
13 жніўня. Магілёў. Святое возера. Ігар Лазоўскі
Некалі самы чысты вадаём Магілёва ўжо трэці год застаецца ў баку ад бурнага летняга жыцця. Каля берага пахне чымсьці гнілым, над вадой – шчыльная скарынка ціны і бруду, па якой ходзяць качкі і чайкі. Менавіта птушак гарадскія ўлады прызналі галоўнай прычынай забруджвання Святога возера. З-за велізарнай колькасці птушак і іх адходаў, вадаём кішыць шкоднаснымі бактэрыямі.
Вялікую ролю ў забруджванні гуляе маленькі астравок з гразі каля цэнтра возера. Там жыве найбольшая колькасць чаек. Таксама ў возера зліваюцца прадукты жыццядзейнасці людзей, якія пражываюць у прыватным сектары.
План па ачыстцы Святога возера быў складзены яшчэ ў 2010 годзе і каштаваў на той момант 30 мільярдаў рублёў. Сёння гэтая лічба вырасла ў 7-8 разоў. У гарадскім бюджэце ўжо які год не знаходзіцца сродкаў, каб прывесці Святое ў парадак. Грамадскія намаганні таксама не прынеслі выніку – магілёўскія актывісты сабралі больш за шэсць з паловай тысяч подпісаў з патрабаваннем пачаць ачыстку, але ўлады спаслаліся на недахоп фінансаў.
Трэцяе лета запар Святое возера не ведае купальшчыкаў. Калі ў бліжэйшы час не прыняць мер, некалі самы чысты вадаём ператворыцца ў балота.