Удзельнікам пратэсту прызначылі «хатнюю хімію».
Як стала вядома MSPRING.MEDIA, 6 верасня Круглянскі раённы суд вынес рашэнне ў дачыненні да трох чалавек за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе (арт. 342 КК РБ).
Суддзя Зміцер Сасноўскі, які раней ужо судзіў на палітычных працэсах, прысудзіў:
👤Паўла Таланава – да 2 гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ («хатняя хімія»)
👤Алесю Фрыгіну – да 1,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ («хатняя хімія»)
👤Аліну Крывашэй – да 1,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ («хатняя хімія»).
Варта адзначыць, што для Аліны Крывашэй – гэта ўжо другі суд за апошнія паўгода. Раней дзяўчына насіла прозвішча Горава, але, відаць, за час паміж двума судамі, паспела выйсці замуж.
Нагадаем, першы раз яе затрымалі ў канцы сакавіка 2023 года па ўсё тым жа арт. 342 КК РБ, пасля чаго яна некалькі месяцаў правяла ў СІЗА. У зняволенні ў Крывашэй (Гаравы) абвастрыўся шэраг хранічных захворванняў. 30 траўня суд Круглянскага раёна прыгаварыў яе да аднаго года абмежавання волі без накіравання ў ВУАТ.
Разам з ёй па справе аб “грубым парушэнні правапарадку” праходзілі таксама Уладзіслаў Лагуценка, які атрымаў 2,5 гады “хатняй хіміі”, і бацьку якога затрымалі пасля гэтага ў Расіі, а таксама Аляксей Цыганаў (атрымаў 2 гады “хатняй хіміі”).
Праз два тыдні пасля гэтага судовага паседжання, 13 чэрвеня, Крывашэй (Горава) была затрыманая ізноў. У той жа дзень затрымалі і Алесю Фрыгіну з Паўлам Таланавым.