Адміністрацыі папраўчых калоній Беларусі выбарачна выконваюць уласныя распараджэнні.
Практыка паказвае, што дакладнасці з боку Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП) МУС няма.
У нядзелю, 3 верасня, мы апублікавалі фота аб’явы ў бабруйскай ПК-2, у якой гаварылася аб дазволе перадаваць дадаткова 10-кілаграмовую «вітамінную» перадачу. З верасня па красавік дадаткова 10 кг гародніны і садавіны сваякі могуць перадаць толькі з разам з пакладзенай па тэрміне 50-кілаграмовай рэжымнай перадачай і толькі прыбыўшы асабіста ў ПК. Таксама яе можна перадаць пасля кароткатэрміновага, альбо працяглага спатканняў.
У аб’яве, вывешанай у ПК-2 значыцца дванаццаць найменняў гародніны і садавіны. Але насамрэч сваякі, якія перадавалі перадачы на бягучым тыдні сутыкнуліся з незразумелым абмежаваннем. Без якіх-небудзь тлумачэнняў кантралёры менавітаПК-2 прымаюць толькі пяць найменняў – цыбулю, часнок, яблыкі, лімоны і апельсіны. Усё астатняе прыйшлося везці назад.
Больш за тое, у некаторых беларускіх калоніях вязні яшчэ не ведаюць аб дазволе дадатковай перадачы. Так, напрыклад, у мазырскай ПК-20 аб ёй няма ніякай інфармацыі. У іншых ПК аб “вітаміннай” перадачы даведаліся з нашага паведамлення, і адміністрацыя пацвярджае, што сапраўды прывозіць такія перадачы можна. Больш за тое, там прымаюць шырэйшы асартымент гародніны і садавіны. Пры гэтым, якім дакументам рэгламентуецца “вітамінная” перадача – невядома.