Нядаўна прызначаны пракурор Магілёўскай вобласці адправіўся ў бабруйскую выхаваўчую калонію №2, дзе асуджаныя падлеткі згулялі пры ім у футбол.
Магілёўская аблпракуратура ініцыявала 31 жніўня футбольны матч паміж мясцовым ФК “Белшына” і “камандай асуджаных з выхаваўчай калоніі “Юніёр”. На мерапрыемстве прысутнічаў пракурор Магілёўскай вобласці Валерый Куліковіч, прызначаны на сваю пасаду Аляксандрам Лукашэнкам каля трох месяцаў таму.
Як сцвярджаецца, “футбольны матч прайшоў у добразычлівай абстаноўцы пад пастаяннымі апладысментамі аматараў, большасць з якіх хлопцы, якія адбываюць пакаранне ў пенітэнцыярнай установе”.
Куліковіч таксама “азнаёміўся з матэрыяльна-бытавым забеспячэннем асуджаных” – натуральна, што яго ўсё задаволіла і ніякіх парушэнняў пракурор не знайшоў.
Таксама ён узрадаваўся таму, як у ВК-2 адбываецца патрыятычнае выхаванне, асабліва экспазіцыі, прысвечанай памяці ахвяр генацыду беларускага народа ў гады Другой сусветнай вайны. Упэўніўся ў гатоўнасці філіяла ДУА «Сярэдняя школа №32 г.Бабруйска», які функцыянуе ў калоніі, да новага навучальнага года.
Напрыканцы ён аглядзеў філіял СШ №32 на тэрыторыі калоніі – у новым навучальным годзе сярэднюю адукацыю будзе атрымліваць 59 непаўналетніх. Яшчэ 5 чалавек – дыстанцыйна будуць вучыцца ў ВНУ.