Гомельскай жаночай папраўчай калоніі №4 тэрмінова патрабуецца санітарная апрацоўка памяшканняў для працяглых спатканняў (ПС). Дзяцей кусаюць невядомыя казуркі, якія жывуць у пасцельных прыналежнасцях.
Праблема тычыцца толькі сем’яў, якія гэтым летам (чэрвень-жнівень) прыязджалі з дзецьмі на спатканні да сваіх родных асуджаных. Працяглыя спатканні дазволены на тэрмін ад 1 да 3 сутак, прыязджаць на іх могуць да трох чалавек, у тым ліку непаўнагадовых.
Як стала вядома MAYDAY TEAM адразу ад некалькіх крыніц, ужо пасля адной ночы ў пакоях для ПС дзеці пакрываліся пухірамі ад укусаў невядомых казурак. Месцы ўкусаў выклікаюць моцны сверб. Пры гэтым у дарослых такіх праблем не назіралася.
Сваякі асуджаных мяркуюць, што ў ложках і пасцельных прыналежнасцях калоніі завяліся пасцельныя (зямляныя) блыхі – найбольшая актыўнасць гэтых крывасмактальных казурак назіраецца ў летне-восеньскі перыяд. Яны селяцца ў прыватных дамах ці на 1-2 паверхах будынкаў. Пакоі для ПС у ПК-4 знаходзяцца як раз у вільготным, памяшканні з несонечнага боку будынка, якое слаба праветрываецца. А пераносчыкамі гэтых паразітаў могуць быць каты, якія якраз жывуць у калоніі побач з памяшканнем для ПС.
Сваякі асуджаных лічаць, што ложкі і пасцельныя прыналежнасці пакояў для працяглых спатканняў ПК-4 маюць патрэбу ў тэрміновай санітарнай апрацоўцы. Аднак афіцыйна пісаць скаргі яны баяцца, каб не нашкодзіць сваім родным, апасаюцца помсты.