У Магілёве за “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці” прадпрымальніка Уладзіміра Тычынскага адправілі ў калонію на 2,5 гады.

Магілёўскі абласны суд 15 жніўня вынес прысуд мясцоваму жыхару, бізнесмену Уладзіміру Тычынскаму. Суддзя Павел Клімаў прызнаў мужчыну вінаватым у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 КК РБ). У віну 53-гадоваму Уладзіміру Тычынскаму паставілі тое, што ў красавіку 2022 года ён зняў на свой мабільны тэлефон перамяшчэнне расейскай ваеннай Z-тэхнікі і адправіў відэа ў медыя, прызнанае ўладамі РБ “экстрэмісцкім”.

Суд прыгаварыў Тычынскага да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Уладзіміра Тычынскага затрымалі проста на вуліцы, у раёне дома №34 па вул. Габроўскай напачатку чэрвеня. На відэа затрымання бачна, што мужчына супраціву не аказваў, але супрацоўнікі АМАП УУС Магілёўскага аблвыканкама ўсё роўна дзейнічалі жорстка.

У прапагандысцкім роліку на дзяржтэлебачанні абвясцілі, што Тычынскі “быў прыхільнікам укро-нацысцкіх фарміраванняў“, а таксама што “ездзіў з украінскай нацыяналістычнай сімволікай у сваім аўто“. Пад апошнім маецца на ўвазе афіцыйны сцяг Украіны.