Развязка даўняй віцебскай гісторыі? Судзяць Юрыя Раманоўскага і Іллю Смунёва.
Магілёўскі абласны суд як суд першай інстанцыі 17 жніўня прызначыў судовы працэс у дачыненні да Раманоўскага Юрыя Уладзіміравіча і Смунёва Іллі Мікалаевіча па крымінальнай справе аб дачы хабару (ч.1 арт. 431 КК РБ). Падрабязнасці пасяджэння і яго вынікі невядомы.
Верагодна, крымінальная справа тычыцца былога гарадскога пракурора Віцебска Юрыя Раманоўскага і былога дырэктара цэнтральнага спартыўнага комплексу “Віцебскі” і кіраўніка абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па зімовых відах спорту Іллі Смунёва.
Цікава, што інфармацыя аб затрыманні Юрыя Раманоўскага супрацоўнікамі КДБ з’явілася ў студзені 2021 года, аднак Генеральная пракуратура паспяшалася заявіць, што ў дачыненні да экс-пракурора горада ніякай крымінальнай справы няма і ён проста сышоў за тыдзень да затрымання.
Праз нейкі час пасаду дырэктара ЦАР пакінуў Ілля Смунёў. У верасні 2021 года гарадское выданне “Народныя навіны Віцебска” паведаміла, што ён аб’яўлены ў вышук Міністэрствам унутраных спраў РФ.
Тады некаторыя тэлеграм-каналы выказалі здагадку, што гэтыя два чалавекі звязаныя адзін з адным: нібыта, Смунёў праходзіць як фігурант па крымінальнай справе Раманоўскага. Судзячы па ўсім, як мінімум па адной крымінальнай справе яны сапраўды праходзяць разам.
З цікавага – акрамя кіраўніцтва спартыўнымі арганізацыямі, Смунёў вядомы яшчэ і як шансанье, які ў 2015 годзе (нагадаем, год прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі) выпусціў песню “Куды бацька – туды я”, а ў 2020, праз некалькі дзён пасля 9 жніўня, песню “Мы-браты, Расія і Беларусь”.