Шакавальныя падрабязнасці ўтрымання мужчыны, які атрымаў два гады калоніі за «Клас» у «Аднакласніках». Аляксандру Аўдзяюку давялося аб’явіць галадоўку, каб палепшыць умовы ў ізалятары, дзе ён утрымліваўся.

ХТО ТАКІ АЛЯКСАНДР АЎДЗЯЮК?

Суд Быхаўскага раёна 1 красавіка асудзіў мясцовага жыхара Аляксандра Аўдзеюка на два гады пазбаўлення волі агульнага рэжыму па арт. 367 КК РБ (паклёп на Аляксандра Лукашэнку) і арт. 368 КК РБ (абраза ў адносінах да Аляксандра Лукашэнкі).

Паводле матэрыялаў справы, Аўдзяюк не пазней за жнівень 2021 года паставіў «клас» пад пастом у пабліку ў «Аднакласніках» «Мая краіна – вольная еўрапейская Беларусь». У пасце змяшчаўся фотаздымак Лукашэнкі і абразлівы надпіс, звязаны з абвінавачаннем у фашызме.

Варта адзначыць, што сам Аўдзяюк нічога не размяшчаў – толькі паставіў ацэнку публікацыі. Аднак судова-лінгвістычная экспертыза звярнула ўвагу на «негатыўную ацэнку Лукашэнкі, а дзяржабвінаваўца нават заявіў аб праяве «сацыяльнай нецярпімасці да прадстаўнікоў улады». Больш за тое, ён падкрэсліў, што Аўдзяюк пакінуў «клас» з помсты».

КАМЕРА Ў ПАДВАЛЕ

Як удалося высветліць MSPRING.MEDIA, падчас судовага працэсу Аўдзяюк утрымліваўся ў жудасных умовах.

Затрымалі Аляксандра яшчэ на пачатку лютага, пасля чаго яго адправілі ў магілёўскае СІЗА. Але паколькі суд адбываўся ў Быхаве, у ноч з 21 на 22 сакавіка яго перавезлі туды. У райцэнтры свайго СІЗА няма – з гэтай прычыны Аўдзеюка змясцілі ў мясцовы ізалятар часовага ўтрымання. Там ён заставаўся цягам 12 сутак, пакуль ішоў судовы працэс.

Утрымлівалі мужчыну ў камеры ў падвале, дзе было вельмі душна, бо адсутнічала вентыляцыя. Адзінай крыніцай адносна свежага паветра была «кармушка», праз якую зняволеным перадаюць ежу.

Спаць Аўдзеюку прыйшлося на голых дошках, ніякага пасцельнага прыладдзя яму не выдалі. Замест падушкі зняволенаму прыйшлося для сну выкарыстоўваць пластыкавую бутэльку з вадой.

Дрэнна ўсё было і з харчаваннем – ежа была кепскай якасці, гарбату яму не выдавалі. Прадукты, якія Аляксандру перадавалі з волі, супрацоўнікі ІЧУ дазвалялі ўжываць толькі падчас “устаноўленага прыёму ежы”, пасля чаго забіралі. Калі ж у яго, напрыклад, заставалася ежа пасля абеду (напрыклад, яблык), то яе таксама забіралі.

У туалет ці ж проста памыцца дазвалялася два разы на суткі – пасля сняданку і пасля вячэры. Сам санвузел знаходзіцца ў фантастычна дрэнным стане. Вада – толькі халодная.

Пра спосабы баўлення часу Аляксандру таксама давялося забыцца: у быхаўскім ізалятары яму не дазволілі ні чытаць, ні мець пішучых прылад.

Нарэшце, Аўдзеюку забаранілі курыць.

Усе гэтыя прычыны прымусілі вязня 26 сакавіка аб’явіць галадоўку. Паводле інфармацыі MSPRING.MEDIA, яе ён пратрымаў некалькі сутак, пакуль некаторыя ўмовы ўтрымання не палепшылі.

Пасля прысуду суда Аляксандра Аўдзеюка вярнулі ў магілёўскае СІЗА, дзе ён дагэтуль знаходзіцца.

11 красавіка мужчына прызнаны палітычным вязнем.