Фармулёўкі абвінавачання былі падобныя на дзвюххвілінку нянавісці, гуманнасці да затрыманых па гэтай справе не будзе.

5 студзеня суддзя суда Ленінскага раёна Магілёва Таццяна Рахманенка першай у гісторыі Беларусі вынесла рашэнне па так званым «кейсе Зельцэра».

Яна прыгаварыла магіляўчаніна Аляксандра Гаўрыленку да 2 гадоў калоніі агульнага рэжыму і штрафу ў 100 базавых велічынь за абразлівыя каментарыі ў адрас супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка, забітага Андрэем Зельцэрам.

Аляксандра Гаўрыленку абвінавацілі ў публічнай абразе прадстаўніка ўлады – супрацоўніка органаў дзяржаўнай бяспекі (арт. 369 КК РБ). Падчас паседжання падсудны прызнаў сваю віну.

Паводле матэрыялаў справы, 29 верасня 2021 года Гаўрыленка прачытаў пра інцыдэнт з Зельцэрам і Федасюком, пасля чаго скапіяваў карцінку і размясціў яе ў чаце “Магілёў **%”, дзе ішло абмеркаванне гэтай падзеі, а таксама пакінуў свой каментар.

Акрамя гэтага падчас абмеркаванняў Гаўрыленка яшчэ двойчы адпісваў рэплікі наконт здарэння.

 У прыватнасці, дзяржабвінаваўца сцвярджала, што з яго акаўнта былі напісаны паведамленні «Туды яму і дарога. +1», і «не проста забіваць, а спальваць на вогнішчы».

Як адзначыла памочніца пракурора, пасля гэтага магілёвец спецыяльна змяніў імя акаўнта, каб пазбегнуць адказнасці.

ДЭСТРУКТЫЎНЫЯ ПАЛІТЫЧНЫЯ ПОГЛЯДЫ

Але самае цікавае – фармулёўкі дзяржабвінавачання, якія ў судзе гучалі як двуххвілінка нянавісці з «1984»:

 «Прашу ўлічыць перш за ўсё грамадскую небяспеку здзейсненага дзеяння. Дзеянні Гаўрыленкі ўчыненыя ў перыяд напружаных грамадска-палітычных умоў у краіне, якія характарызуюцца ўнутранымі і знешнімі выклікамі дзяржаўнасці і суверэнітэту краіны, накіраваных на распальванне і ўзмацненне паміж грамадзянамі палітычных поглядаў і перакананняў, а таму істотна павышаецца грамадская небяспека, садзейнічае ўзнікненню чарговага канфлікту ў грамадстве.

Быць несудзімым, быць добрым спецыялістам у сваёй прафесіі – яшчэ не значыць быць добрым, законапаслухмяным, годным чалавекам грамадства, у якім жывеш», – заявіла дзяржабвінаваўца

Яна назвала палітычныя погляды Гаўрыленкі “якія маюць дэструктыўны характар“, пра што, на яе думку, сведчаць “знойдзеныя ў памяці смартфона фатаграфіі, на якіх захаваны яго ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, захоўванне ім па месцы жыхарства адпаведнай сімволікі – “плакат БЧБ“.

КАМЕНТАР – СВЕДЧАННЕ НЕБЯСПЕЦЫ?

Забойства супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка памочніца пракурора пазначыла як “спланаванае, падрыхтаванае на халодную галаву забойства супрацоўніка сілавога ведамства“.

На што здольны чалавек, са шчанюковым захапленнем успрыняў акт такога забойства і гатовы публічна гэтае захапленне выказаць? Гаўрыленка – пастаянны ўдзельнік каналаў Байп*л, Н*хта, захоўваў цяпер забароненую сімволіку, наведваў мітынгі?”, – рытарычна спытала дзяржабвінаваўца.

Яна назвала каментары Аляксандра Гаўрыленкі «сведчаннем таго бязмежжа, які так хацелі зладзіць супернікі дзейнай улады».

Такія выказванні даюць падтрымку тым, хто хоча ўзяць у рукі зброю і рабіць бязмежжа. Сваёй такой ухвалой абвінавачаны можа натхняць людзей на такія дзеянні. Пакуль у краіне вяршэнствуе закон, такія спробы трэба спыняць. Пра гэта гаварыў прэзідэнт, іншыя службовыя асобы і з гэтым. Не пагадзіцца нельга“, – заявіла памочніца пракурора, пасля чаго запытала для магіляўчаніна 2,5 гады калоніі агульнага рэжыму і вялізны штраф. Таксама яна папрасіла ў суддзі не аказваць неапраўданай гуманнасці.

Рахманенка, між тым, «скасціла» пакаранне на паўгода, прыгаварыўшы Гаўрыленку да 2 гадоў пазбаўлення волі. Пракуратура гэты прыгавор па выніку падтрымала.