MSPRING.MEDIA звязаўся з магілёўскім актывістам Андрэем Бодзілевым, каб даведацца, чым скончылася гісторыя з яго пераследам. Пагаварылі пра яго жыццё ў эміграцыі і безнадзейную экалагічную сітуацыю ў Магілёве.
16 снежня 2021 году невядомыя ў масках літаральна вырвалі Андрэя Бодзілева з таксі і жорстка збілі. Яму надзелі кайданкі, зацягнулі ў мікрааўтобус і працягнулі збіваць там. Далей невядомыя завезлі яго ў 11-е Упраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю (ГУБАЗіК).
Калі ён заявіў аб праве на адваката, над ім толькі пасмяяліся. Перш за ўсё, яго апавясцілі, што ён праходзіць сведкам па крымінальнай справе аб замыканні дротам рэек чыгункі, а пазней пераключыліся на яго телеграм-канал “Свабодны беларус».
Пасля допыту яго павезлі на ператрус дадому, дзе канфіскавалі ўсе электронныя гаджэты. Да здзіўлення міліцыянтаў, нічога злачыннага яны не знайшлі. Гэта значыць, уся сілавая спецаперацыя была неапраўданай і, па сутнасці, марнай. Андрэя Бодзілева выпусцілі, так нічога і не прад’явіўшы.
Баючыся скаргі на відавочна незаконнае і празмернае прымяненне сілы, сілавікі прыгразілі яму, каб маўчаў пра тое, што здарылася. Тым не менш, Андрэй Бодзілеў адразу ж звярнуўся ў магілёўскі траўмапункт, дзе раскрыў лекарам прычыну шматлікіх пашкоджанняў. Медыкі, як таго патрабуе інструкцыя, апавясцілі аб тым, што здарылася, следчых. Але далей сталі адбывацца дзіўныя рэчы. Замест выкліку ў Следчы камітэт, Бодзілева сталі названьваць невядомыя міліцыянты, высвятляючы дзе ён знаходзіцца.
ЗБІЛА МІЛІЦЫЯ, АЛЕ ТРАВМЫ – АД “ПАДЗЕННЯ З ТАБУРЭТА”
Баючыся расправы, актывіст вырашыў тэрмінова пакінуць горад і краіну. Ужо на наступны дзень, 17 снежня ён выехаў у Літву, дзе запытаў гуманітарную візу і прытулак.
– Я ўжо быў на тэрыторыі Літвы на мяжы, а мне невядомыя тэлефанавалі на беларускі нумар і казалі затрымацца на нейтральнай тэрыторыі, каб я нібыта даў паказанні, – успамінае Андрэй абставіны свайго ад’езду.
Невядомыя, якія тэлефанавалі, былі моцна здзіўлены таму, як хутка хлопец апынуўся на мяжы. Пасля ад’езду Андрэя Бодзілева міліцыя прыйшла да яго дадому, каб апытаць яго маці. Жанчына ўсё, што магла расказаць, распавяла толькі са слоў сына: невядомыя збілі і завезлі ў ГУБАЗіК, правялі ператрус, нічога не знайшлі.
Зрэшты, замест узбуджэння крымінальнай справы супраць сілавікоў маці Андрэя Бодзілева атрымала зусім абсурдны адказ.
– У ім гаворыцца, што я стаў на стул, каб укруціць лямпачку, а потым зваліўся … І падаў некалькі разоў, – кажа Андрэй Бодзілеў.
Гэтая справа будзе расследаваная толькі пасля падзення цяперашняга рэжыму ў Беларусі, упэўнены хлопец. І зрабіць гэта будзе не складана. Напрыклад, ён сам ужо знайшоў кіроўцу «Яндэкс-таксі», які яго падвозіў і бачыў усё на свае вочы. Але следчых гэты мужчына ніяк не зацікавіў.
ЛЁГКАЯ АРЫТМІЯ І АМАЛЬ ВЫЦІСНУТЫЯ ВОЧЫ
Наступствы ўдару ў раён сэрца Андрэй адчувае да гэтага часу – развілася лёгкая форма арытміі. Пасля збіцця ён каля месяца не мог легчы на левы бок і па некалькі разоў прачынаўся па начах. Лекі прыйшлося прымаць каля трох тыдняў, як і вочныя кроплі – пры нападзе адзін з налётчыкаў выціскаў яму вочы пальцамі.
Усе траўмы былі старанна задакументаваныя, а кейс нядаўна прайшоў верыфікацыю для далейшага міжнароднага расследавання з ужо існуючымі прававымі інструментамі – гаворка ідзе аб магчымым узбуджэньні крымінальнай справы літоўскай пракуратурай і расследаванні ў рамках міжнароднага заканадаўства.
ЧЫМ ЗАЙМАЕЦЦА ЦЯПЕР
Пра Беларусь Андрэй не забывае, з траўня ён разам з беларусамі ў Літве займаецца праектам «Нацыя лідэраў. Анлайн-хаб для навучання і супрацоўніцтва». Вядзе курс «Правы грамадзяніна Беларусі», які дае мінімальную прававую адукацыю, і займаецца праблемамі інфармацыйнай бяспекі ў сетцы Інтэрнэт.
Выказаў ён сваё меркаванне і наконт экалагічных праблем Магілёва. Як мы ўжо пісалі, сукупны аб’ём выкідаў у Паўднёвай прамзоне дасягнуў такіх параметраў, калі пагроза для горада становіцца відавочнай.
А менавіта супраць гэтага ў свой час змагалася ягоная ініцыятыва «За здаровы Магілёў». Зараз, адзначае Андрэй Бодзілеў, з-за палітычнага крызісу ўлады выбралі сілавы сцэнар ў адносінах да грамадзян – практычна ўсе актыўныя людзі выдушаныя за мяжу, і аказалася, што сачыць за дабрабытам горада практычна няма каму.
У экалагічным супрацьстаянні на працягу 2019-2020 гадоў, нагадвае ён, удзельнічалі не толькі эка-актывісты і праваабаронцы, але і палітыкі. А цяпер наступіў момант ісціны – стала ясна, што мясцовыя жыхары без палітыкаў, якіх раней лаялі, баяцца нават слова супраць сказаць. Андрэй Бодзілеў дагэтуль застаецца ў кантакце з жыхарамі пасёлкаў Узыход і Вейна і, мяркуючы па іхніх настроях, лічыць, што надзей для аптымізму няма: «Зараз гарадская ўлада можа проста напляваць на хімічнае забруджванне горада».