12 мая ў судзе Магілёўскай вобласці пачаўся разгляд справы «палітычнай сямёркі» – Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля, Андрэя Войніча, Паўла Юхневіча, Максіма Вінярскага, Ірыны Шчаснай і Дзмітрыя Казлова.

Суд Магілёўскай вобласці 12 траўня распачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да адразу 7 чалавек. Усіх семярых абвінавачваюць у злачынстве па розных частках арт. 293 КК РБ – фактычна, у арганізацыі масавых беспарадкаў. Дзяржаўныя прапагандысцкія СМІ называюць гэтых людзей «групай Ціханоўскага – Статкевіча».

Да суду кожны з падсудных правёў розны час у следчых ізалятарах і ІЧУ. Праваабарончая супольнасць Рэспублікі Беларусь прызнала ўсіх семярых палітвязнямі.

СЕМ СІДЗЕЛЬЦАЎ

Павел Севярынец не бачыў волі з 7 чэрвеня 2020 году(!). Тады яго затрымалі пасля дазволенага выбарчага пікету каля Камароўскага рынку ў Менску. Над ім правялі некалькі адміністрацыйных судовых працэсаў, вынікам якіх сталі 75 сутак арышту. Потым на Севярынца распачалі крымінальную справу па арт. 293 КК (Арганізацыя масавых беспарадкаў).

10 чэрвеня 2020 года рамках адміністрацыйнай справы быў затрыманы блогер з Оршы Дзмітрый Казлоў aka “Шэры кот”. Як і ў выпадку з Севярынцам, яму прызначылі спачатку арышты у 20 сутак, а затым завялі крымінальную справу па арт. 293 КК РБ.

У верасні 2020 года сілавікі затрымалі актывістаў “Еўрапейскай Беларусі” Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча і Андрэя Войніча. У кватэру, дзе знаходзіліся Войніч і Юхневіч, адначасова праз вакно і дзверы ўварваліся супрацоўнікі, як мяркуецца, САХР у масках і са зброяй. У кватэру Афнагеля таксама выламалі дзверы. Актывістам “Еўрапейскай Беларусі” прад’явілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. У лютым 2021 года Афнагелю дадаткова прад’явілі абвінавачванне па ч. 3 арт. 293 КК – навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках ці фінансаванне гэтай дзейнасці.

Ілюстрацыя – spring96.org

Рэдактарку телеграм-каналаў «Мая краіна Беларусь», «Беларусь 24» і некаторых іншых Ірыну Шчасную затрымалі 18 лістапада 2020 года супрацоўнікі ГУБАЗіК, пераапранутыя ў супрацоўнікаў ЖЭСа. У кватэры Ірыны быў праведзены ператрус, канфіскаваныя ноўтбук, тэлефон, грошы. Пасля гэтага Ірыну павезлі для допыту ў СК. Ёй прад’явілі абвінавачанне па ч. 2.ст. 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі: удзел у масавых беспарадках, які нібыта выразіўся ў вядзенні «дэструктыўных» телеграм-каналаў.

Максіма Вінярскага затрымалі 22 студзеня 2021 года супрацоўнік ГУБАЗіК. Паводле прэс-рэлізу МУС, восенню актывіст нібыта заклікаў людзей выходзіць на мітынгі з бел-чырвона-белай сімволікай і «аказваць супраціў міліцыі». Вінярскаму таксама прад’яўлена абвінавачанне ў падрыхтоўцы “масавых беспарадкаў” па арт. 293 Крымінальнага кодэкса.

Следства па невядомых прычынах аб’яднала ў адну «групу Ціханоўскага-Статкевіча» людзей, якія былі затрыманыя ў розны час і пры розных абставінах. Суд мог бы праясніць дэталі і логіку следчых, аднак працэс без тлумачэння прычын праз СМІ абвясцілі закрытым.

 

НЕ СТАІМ У ПАРОЗЕ

Паколькі пра тое, што суд пройдзе ў закрытым рэжыме, не было абвешчана падчас самога працэсу, сваякі, сябры і таварышы прыбылі на першае паседжанне, каб падтрымаць палітвязняў. Ну, – ці хаця б убачыць, як іх заводзяць у залу. Усяго на суд прыйшло прыкладна сорак чалавек.

У сілавікоў было сваё меркаванне на гэты конт. З самага ранку ў холе Магаблсуда дзяжурыла ўсё начальства Ленінскага РАУС. 7 афіцэраў міліцыі сустракалі тых, хто прыйшоў на пасяджэнне, пасля чаго фактычна выганялі людзей на вуліцу без тлумачэння прычын, заяўляючы, што ў холе знаходзіцца нельга. Таксама міліцыянты катэгарычна забаранілі весці фота і відэаздымку, аб чым асобна папярэдзілі пазаштатнага журналіста Deutsche Welle Аляксандра Буракова і аўтара 6tv.by Алеся Сабалеўскага.

Увесь працэс кантраляваў сам намеснік начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Рыжанкоў.

Сваякі і сябры падсудных сталі чакаць пачатку працэсу на вуліцы, але і міліцыя прагнала іх і адтуль.

Супрацоўнік Ленінскага РАУС Васіль Карнеенка, які актыўна займаўся палітычна-матываваным пераследам магілёўцаў ўвесь мінулы год, заявіў прысутным, што «калі яны не разыйдуцца, то іх збор будзе расцэньвацца як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства».

Васіль Карнеенка

У гэты ж момант да будынка суда прыбылі супрацоўнікі АМАП УУС Магілёўскага аблвыканкама. Людзі паспяшаліся разысціся. Але праваахоўнікі не суняліся.

КРЫВАЯ ТРАДЫЦЫЯ ТРАВЕНЬСКІХ ЗАТРЫМАННЯЎ

Адразу пасля таго, як людзі сышлі ад суда, АМАП пачаў затрымліваць журналістаў і актывістаў.

Першым трапіў пад удар журналіст Аляксандр Буракоў, які супрацоўнічае з Deutsche Welle. Ён збіраўся рабіць матэрыял з паседжання. Яго адвезлі ў Ленінскі РАУС і на момант публікацыі на яго складалі пратакол.

Затым быў затрыманы магілёўскі журналіст Уладзімір Лапцэвіч, які таксама планаваў зрабіць матэрыял па працэсе.

Трэцім затрыманым стаў рэгіянальны каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Алег Аксёнаў.

Што ставяць ім у віну – яснасці няма. Варта адзначыць, што ніякага несанкцыянаванага масавага мерапрыемства каля суда не было.

Аляксандр Буракоў

Затрыманні 12 траўня працягваюць сумную традыцыю «травеньскага палітычнага вышуку» у Магілёве.

Нагадаем, што Аляксандр Буракоў быў затрыманы 8 траўня 2020 года і асуджаны на 10 сутак арышту з-за таго, што, нібыта, прымаў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 6 траўня каля ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама. Тады Буракоў ўсяго толькі высвятляў статус і месцазнаходжанне блогера і палітыка Сяргея Ціханоўскага.

За гэты ж быў затрыманы пляменнік Буракова, журналіст і праваабаронца Саша Райкан, які таксама атрымаў 10 сутак арышту.

Да 21 сутак арышту па двух адміністрацыйных пратаколах тады ж быў асуджаны фрылансер Міхаіл Аршынскі.

Усяго ў траўні 2020 года па палітычна-матываваных адміністрацыйных справах штрафы і арышты атрымалі 17 чалавек.

Травень 2021 працягвае гэтую крывую традыцыю.

ТАК, СТОП, А ШТО З СЕВЯРЫНЦАМ І КАМПАНІЯЙ?

А мы нічога не даведаемся да канца працэсу над «групай Ціханоўскага-Статкевіча». Адвакаты фігурантаў па гэтай справе знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні, суд праходзіць у закрытым рэжыме. Тэарэтычна, семярым палітвязням могуць наважыць у судовым пасяджэнні ўсякую ахінею, але даведаемся пра гэта мы толькі ад іх.