Раніцай 15 траўня праваабаронца і рэдактар MSPRING.ONLINE быў затрыманы на здымнай кватэры. Для гэтага супрацоўнікі Ленінскага РАУС правялі цэлую спецаперацыю па выяўленні яго месцазнаходжання і ідэнтыфікацыі асобы. Пры затрыманьні міліцыянты канфіскавалі ўсе сродкі сувязі і не далі патэлефанаваць нават сваякам.

 

У РАУС на Алеся Буракова (aka Саша Райкан) быў складзены пратакол за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт.23.34 КаАП) у раёне магілёўскага ІЧУ 6 траўня. Пратакол, які праваабаронца пасля вызвалення паказаў журналістам, як дзве кроплі вады быў падобны на тыя, якія былі складзеныя ў дачыненні да раней асуджаных журналістаў.

 

 

У тэрміновым парадку затрыманы быў дастаўлены ў суд, пры гэтым ні праваабаронцам, ні яго бацькам на пасяджэнне трапіць не ўдалося. На патрабаванне даць час на пошук адваката суддзя Ірына Ланчава адказала адмовай, абвясціла перапынак на 15 хвілін і сама выклікала дзяжурнага абаронцу. Толькі пасля настойлівых патрабаванняў Буракова дзяжурны адвакат пагадзілася зрабіць званок яго бацькам, каб паведаміць пра затрыманне і відавочным арышце.

 

З пратаколам Буракоў быў не згодны і на судзе прывёў шэраг довадаў у сваю абарону, з якіх вынікала, што паказанні намесніка начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Ленінскага РАУС Паўла Башарымава (яго паказанні ляглі ў аснову практычна ўсіх палітычна матываваных спраў) не адпавядаюць рэчаіснасці. Аднак ніякія аргументы не падзейнічалі, Буракоў атрымаў «стандартны» тэрмін для журналістаў – 10 сутак.

 

Пасля свайго вызвалення праваабаронца не стаў раскрываць, якія скаргі ён будзе рыхтаваць, каб, па яго словах, праваахоўнікі не мелі магчымасці падрыхтавацца і падчысціць сляды.

 

Што да ўмоў утрымання ў ІЧУ, то яны былі цалкам цярпімыя, а стаўленне персаналу было карэктным. У той жа час, як і іншыя вязні, ён паскардзіўся на холад.

 

Асобна праваабаронца адзначыў, што ні пра якую гуманізацыю з боку МУС датычна ўмоў утрымання ў ІЧУ казаць не варта. Яны толькі больш-менш адпавядаюць Мінімальным стандартным правілам ААН у дачыненні абыходжання з зняволенымі. Хутчэй, выкананы толькі мінімум, які патрабуецца ад дзяржаў-членаў ААН. А калі ўважліва вывучыць Правілы ўнутранага распарадку ІЧУ, то можна казаць пра тое, што міліцыянты не раскрылі арыштаваным ўсю інфармацыю аб іх правах.