Аляксандра Бажкова пазбавілі 20% прэміі. Таксама яму даслалі апавяшчэнне аб звальненні па артыкуле.
29 красавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі
У сярэдзіне красавіка Бажкоў распавёў MSPRING.ONLINE, што яго і іншых кіроўцаў тралейбуснага парка прымушаюць апрацоўваць салон транспарту анучамі і дэзінфікуючымі сродкам на кожным канчатковым пункце. Аляксандр адзначыў, што на той момант ніхто з вадзіцеляў не прайшоў належны інструктаж – усіх проста вымусілі распісацца ў табелі, што ён пройдзены.
Таксама кіроўцу тралейбуса абурыў той факт, што за дадатковую працу ніхто даплочваць не збіраецца.
Акрамя таго, Бажкоў распавёў аб праблемах са сродкамі індывідуальнай абароны. Паводле яго слоў, кіроўцам маска выдавалася адна на цэлы дзень, а функцыі рыззя выконвала разрэзаная старая вопратка.
Пасля публікацыі матэрыялу з работнікамі Гарэлектратранспарту правялі інструктаж аб тым, як правільна трэба апрацоўваць тралейбусы.
Праўда, самога Бажкова пазбавілі 20% прэміі – ён і яшчэ трое чалавек падвергліся спагнанням за адмову ад апрацоўкі салонаў тралейбусаў дэзрастворам.
– Я не згодны са спагнаннем, паколькі я паказаў свайму кіраўніцтву даведку ад лекара са скурна-венералагічнага дыспансэра. Мне паставілі пад пытаннем алергію на раствор – ён занадта ядзерны. Ад яго адразу пачынае пяршыць горла і становіцца складана дыхаць.
Акрамя таго, дырэктар тралейбуснага парка Сяргей Манастырэнка апавясціў Бажкова, што яго чакае звальненне «за невыкананне без паважных прычын працоўных абавязкаў работнікам, якія маюць нязнятае дысцыплінарнае спагнанне». 11 траўня кантракт з кіроўцам будзе скасаваны.
У сувязі з гэтым Аляксандр Бажкоў плануе звярнуцца ў Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы па абарону сваіх працоўных правоў.