Магілёўская міліцыя абвінаваціла фрылансераў Міхаіла Аршынскага, Аліну Скрэбунову і Аляксандра Сідарэўскага у працы на тэлеканал БелСАТ.
17 сакавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі
З надыходам цяпла ў Магілёве рэзка актывізавалася міліцыя. За апошнія два месяцы супрацоўнікі Ленінскага і Кастрычніцкага РАУС сумесна аформілі ўжо пяць адміністрацыйных спраў у дачыненні да мясцовых фрылансераў.
Першыя два – у дачыненні да Аліны Скрэбуновай і Аляксандра Сідарэўскага – ужо скончыліся судамі. Мы пісалі, як за рэпартаж аб гарадскім тралейбусным парку дзяўчыне далі 50 базавых велічынь штрафу, а хлопцу – 20 базавых.
Як аказалася, гэта не канец. На Скрэбунову і Сідарэўскага зноў заведзеныя справы аб адміністрацыйных правапарушэннях – і зноў за журналісцкую дзейнасць.
Іх абвінавачваюць у тым, што яны незаконна зрабілі сюжэт для тэлеканала БелСАТ. Рэпартаж датычыўся суда над палітычным актывістам Станіславам Паўлінковічам 20 лютага.
Супрацоўнікі Ленінскага РАУС Дзмітрый Гоманаў і Васіль Карнеенка склалі пратаколы на Скрэбунову і Сідарэўскага 13 сакавіка. Згодна з матэрыяламі справы, фрылансеры «прынялі ўдзел ў незаконным вырабе прадукцыю СМІ без акрэдытацыі» для тэлеканала БелСАТ, чым парушылі ч.2 арт.22.9 КаАП. Журналістам таксама ўручылі позвы ў суд Ленінскага раёна на 19 сакавіка.
У гэты ж дзень павінны былі судзіць іншага магілёўскага фрылансера – аператара Міхаіла Аршынскага, якога таксама падазраюць у працы на тэлеканал БелСАТ.
Аршынскі быў раптам затрыманы 12 сакавіка наўпрост каля свайго дома, пасля чаго яго даставілі ў Кастрычніцкі РАУС. Там супрацоўнікі міліцыі Волкаў і Бяляцкі склалі адміністрацыйны пратакол за «незаконны выраб прадукцыі СМІ» і парушэнне артыкула 22.9 КаАП.
У віну Аршынскаму паставілі здымкі акцыі пратэсту супраць падвышэння коштаў на бензін, якая праходзіла 8 лютага ў Магілёве каля ГЦ «Е-сіці».
Яму таксама ўручылі позву ў суд Кастрычніцкага раёна на 19 сакавіка, але пазней Міхаілу прыйшло СМС-паведамленне аб пераносе ягонага працэсу на 27 сакавіка.
Не выключана, што суды над Скрэбуновай і Сідарэўскім таксама перанясуць.