Суддзя Паліна Анціпчук, вывучыўшы скаргу магілёўскіх праваабаронцаў на дзеянні Дэпартамента фінансаў і тылу МУС Беларусі, адмовіла ва ўзбуджэнні справы. Абгрунтавала яна гэта рашэнне нібыта «непадведамаснасцю».

19 лютага. Магілёў-Мінск. Саша Мінько / Фота – БелаПАН


Калектыўную заяву ў суд падала група праваабаронцаў «Магілёўскай вясны» напачатку лютага гэтага года.

Яны запатрабавалі ад МУС зрэзаць з вокнаў следчых ізалятараў і турмаў металічныя жалюзі (так званыя «вейчыкі»), якія перашкаджаюць трапленню ў камеры сонечнага святла, і замяніць іх на звычайныя краты. Выкарыстанне «вейчыкаў» сёння незаконна, бо прыводзіць да грубага парушэння санітарных норм і правілаў – такая была пазіцыя ў заяўнікаў.

Раней адказ ад імя МУС даў праваабаронцам начальнік Дэпартамента фінансаў і тылу (ДФіТ) МУС Віктар Дубавец. У ім міліцэйскі чыноўнік паведаміў, што ў будучым пры правядзенні рамонтных прац будзе рэалізавана норма па выкарыстанню «іншых альтэрнатыўных інжынерных загарод, канструкцыя якіх дазваляе прапускаць у камеру натуральнае асвятленне». Але ніякай канкрэтыкі больш не паведаміў.

А потым, як пазначыў Віктар Дубавец, у выпадку нязгоды з ягоным рашэннем заяўнікі могуць абскардзіць яго ў суд ва ўстаноўленым законам парадку.

Праваабаронцы скарысталіся падказкай міліцыянта і накіравалі скаргу ў суд Маскоўскага раёна горада Мінска па месцы знаходжання адказчыка. Мэтай заяўнікаў было дамагчыся выканання санітарных нормаў ўжо зараз, у тэрміновым парадку, а не ў далёкай будучыні.

Аднак пазіцыя суддзі Паліны Анціпчук права на зварот грамадзян у суд ставіць пад пытанне. Відавочна, не жадаючы у чым-небудзь вінаваціць структуры МУС, яна адмовіла ва ўзбуджэнні справы, абгрунтаваўшы гэта непадведамаснасцю.

У МУС ІСНУЕ ПАСАДА-ПРЫВІД

Адзін з аўтараў заявы ў суд, актывіст магілёўскага аддзялення праваабарончага цэнтра «Вясна» Аляксандр Буракоў адзначыў, што не быў здзіўлены такім развіццём падзей. Да канца тыдня, праанансаваў ён, адмова суда будзе абскарджана ў вышэйстаячай інстанцыі.

Больш за тое, адзначае Буракоў, гэта не адзіная праблема з якой сутыкнуліся праваабаронцы сённяшні дзень. Напрыклад, у раней атрыманым лісце ад намесніка міністра аховы здароўя Вячаслава Шылы гаворыцца, што ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва” арганізацыя ведамаснага кантролю ўскладаецца на Галоўнага санітарнага лекара МУС Рэспублікі Беларусь.

Такой пасады ў МУС, як аказалася, няма ўвогуле. Ёсць начальнік Рэспубліканскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ДФиТ МУС  – і ўсё.

Ёсць Галоўны санітарны ўрач у Міністэрстве абароны, у іншых ведамствах, але не ў МУС. Гэта значыць, пасаду, прадугледжаную ў законе, ніхто не займае. У цяперашні час праваабаронцы ўсё ж рыхтуюць заяву на адрас менавіта Галоўнага санітарнага лекара МУС, як гэта прадугледжана законам. «І потым мы паглядзім, хто і як на яго адкажа», – рэзюмуе Аляксандр Буракоў.

СІСТЭМА САМА СЯБЕ БЛЫТАЕ

MSPRING.ONLINE папрасіў у юрыста Праваабарончага цэнтру «Вясна» Паўла Сапелкі пракаментаваць адмову суда прымаць скаргу. Вось што ён патлумачыў.

«Сцісла сітуацыю можна апісаць так: навошта ўнікаць у сутнасць праблемы, калі можна гэтую праблему проста адфутболіць.

Пасля заявы ў МУС, у адказ само МУС заяўнікам прапанавала за пошукам праўды звяртацца ў суд. А ў судзе альтэрнатывы не прапанавалі. Выхад пакуль бачыцца адзіны – абскардзіць адмову суда ва ўзбуджэнні справы ў вышэйстаячы суд. Вынік разгляду прыватнай скаргі пакажа, ці ёсць у справы перспектыва ўсё ж быць разгледжанай судом.

А калі разглядаць сітуацыю з пункту гледжання правоў чалавека, то з міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах мы ведаем, што кожны мае права звярнуцца ў суд для вызначэння яго правоў і абавязкаў, і пры гэтым разлічваць на справядлівае публічнае разбіральніцтва справы кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом .

Дэкларацыя аб праве і абавязку асобных асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды, якую прыняла Генеральная Асамблея ААН, аб захаванні палажэнняў якой нядаўна заяўляла Беларусь, абвяшчае, што кожны чалавек, індывідуальна і сумесна з іншымі, мае права «у сувязі з парушэннямі правоў чалавека і асноўных свабодаў у выніку палітыкі і дзеянняў асобных службовых асоб і дзяржаўных органаў падаваць скаргі або іншыя адпаведныя звароты ў кампетэнтныя нацыянальныя судовыя, адміністрацыйныя або заканадаўчыя органы ці ў любы іншы кампетэнтны орган, прадугледжаны прававой сістэмай дзяржавы, якія павінны вынесці сваё рашэнне па дадзенай скарзе без неапраўданай затрымкі».

Але наша заканадаўства аб зваротах грамадзян і грамадзянскае працэсуальнае заканадаўства не сінхранізавана: у ГПК па-старому гаворыцца аб абскарджанні дзеянняў, якія «ўшчамляюць» права. Паводле закона «Аб звароце грамадзян і юрыдычных асобаў», заява – гэта паведамленне аб парушэнні актаў заканадаўства, недахопам у рабоце дзяржаўных органаў.

А абскарджанне – гэта патрабаванне аб аднаўленні правоў, свабод і (або) законных інтарэсаў заяўніка, парушаных дзеяннямі (бяздзейнасцю) арганізацый, грамадзян. Вось і разбярыся, што там у каго “ўшчамляе» выяўленыя заяўнікам парушэнне».