Супрацоўнікі Ленінскага РАУС заявіліся наўпрост на працу да хлопца.
17 лютага. Магілёў. Алесь Святліцкі / На здымку – Станіслаў Паўлінковіч падчас суда за ўдзел у акцыі пратэсту ў верасні 2017 года
Актывіст Станіслаў Паўлінковіч паведаміў праваабаронцам «Магілёўскай вясны», што да яго ў пятніцу, 14 лютага, прама на працу заявіліся супрацоўнікі міліцыі і спрабавалі ўручыць позву для яўкі ў РАУС.
– Мяне паклікаў майстар, сказаў, што яму тэлефанаваў начальнік аховы. Сказаў, што мяне хтосьці чакае на прахадной, – распавёў Стас. Ён працуе на Магілёўскім металургічным заводзе.
Паводле яго слоў, супрацоўнікі РАУС не паведамілі яму пра прычыны выкліку – толькі сказалі, што ён усё дазнаецца, калі з’явіцца ў райаддзел ў панядзелак, 17 лютага.
– Мне нічога не патлумачылі. Нібыта, нейкі адміністрацыйны працэс. Хутчэй за ўсё – за ўдзел у снежаньскіх акцыях пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй. Больш проста няма за што – я нікуды не уліпаў, ні з кім не біўся, не пападаўся па п’яні. Так што, хутчэй за ўсё, справа тычыцца масавых мерапрыемстваў. Дзіўна, што яны так доўга нічога не рабілі – з тых мітынгаў прайшло ўжо амаль два месяцы, – распавёў Павлинкович.
Ён паведаміў, што позву ўзяць адмовіўся. У панядзелак яму патэлефанавалі з Ленінскага РАУС і ўдакладнілі, ці прыйдзе актывіст, на што Станіслаў паўторна адмовіў.
– Я не збіраюся кудысці хадзіць і бегаць. Я ведаю, што я нічога не парушаў. Так што калі трэба – самі няхай бегаюць, – заявіў актывіст.