У 13-ці акруговых і ў абласной выбарчай камісіі будуць толькі правераныя дзяржавай кадры.

27 чэрвеня. Магілёў. Абласны выканаўчы камітэт. Алесь Святліцкі


Прэзідыум абласнога Савета дэпутатаў і абласнога выканаўчага камітэта па ўтварэнню  Магілёўскай абласной і акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання вызначыўся са складам камісій. Туды ўвайшлі толькі прадстаўнікі праўладных грамадскіх і палітычных арганізацый, а таксама адзін член Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі. Усяго было пададзена 296 заявы ад 282 чалавек. Дакладчыкам быў Генадзь Герасіменка – начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай работы Магаблвыканкама.

З боку апазіцыйных партый на ўваходжанне ў склад камісій прэтэндавала больш за дзесятак прадстаўнікоў з БНФ, АГП, аргкамітэта БХД, “Справядлівага свету” і праваабарончых арганізацый.

З прадстаўнікоў дэмакратычных сіл на пасяджэнні прысутнічаў толькі праваабаронца Барыс Бухель. Паводле яго слоў, адсутнасць зацікаўленасці ў мерапрыемстве з боку апазыцыйных сілаў згуляла на руку ўладам:

– Калі я пачаў абурацца, што ўжо ў які раз у акруговых і абласны камісіях не будзе дэмакратаў, мне прама і сказалі, што яны, мабыць, і не моцна зацікаўлены ў гэтым, раз я там прысутнічаю ў адзіночку.

Гэта было не адзінай промахам з боку апазіцыянераў.

– Частцы прэтэндэнтаў у выбарчыя камісіі ад БНФ было адмоўлена з-за няправільна аформленых дакументаў – замест пленума цэнтральнага камітэта іх вылучылі ад абласной арганізацыі.

Таксама Барыс Бухель звярнуў увагу на тое, што падчас мінулай выбарчай кампаніі адмова ад уключэння ў склад камісій хоць неяк каментавалі. У гэтым годзе проста зачыталі спіс прозвішчаў, якія ўвайшлі. Адсутнічала абмеркаванне кожнай кандыдатуры і персанальнае галасаванне па кожнай з іх, як гэта патрабуе палажэнне аб парадку ўтварэння выбаркамаў. Як запэўніў праваабаронца, кожнае парушэнне будзе адзначана ў спецыяльнай справаздачы.