Пра гэта паведаміў праваабаронца Барыс Бухель, які ішоў на прыём да лекара, а трапіў на людзей у касцюмах біяабароны.


29 студзеня. Магілёў. Алесь Святліцкі / Фота – Барыс Бухель

Увага! Пры выкарыстанні або перадруку дадзенага матэрыялу ў іншых Інтэрнэт-крыніцах, узгадка сайта MSPRING.ONLINE з гіперспасылкай на арыгінальны тэкст абавязкова ў першым абзацы!


Праваабаронца «Магілёўскай вясны» Барыс Бухель распавёў, што магілёўскую паліклініку №4, куды ў яго быў талон, часова зачынілі для наведванняў.

Паводле яго слоў, у яго быў дадатковы талон да тэрапеўта на час з 15 да 16 гадзін.

– Я прыйшоў на пачатку чацвёртай. Падышоў з задняга боку будынка, таму што там былі дзверы бліжэй. Там аказалася зачынена. Абышоў будынак. У гэты час абагнаў аўтамабіль, пазадарожнік, без апазнавальных знакаў. Калі выйшаў да цэнтральнага ўваходу, адтуль ужо выйшла некалькі медыкаў у белых халатах.

Кіроўца адкрыў кузаў, заднюю дзверы, нешта адтуль выцягнулі. Каля ганка стаяла чалавек 15, іх не пускалі ў будынак. Паміж сабою гаварылі, што ідзе нейкая санапрацоўка.

У гэты час медыкі, якія прыехалі на пазадарожніку, падышлі да дзвярэй і сталі грукацца, каб іх пусцілі ўнутр. Выйшла медсястра ў масцы. Яна іх запусціла. Людзі сталі патрабаваць, каб іх таксама пусцілі – камусьці укол патрэбен быў, камусьці талон. Пару пенсіянераў пачалі лаяцца між сабой.

Медсястра заявіла, што паліклініка зачыненая на тэрміновую санапрацоўку. Пенсіянерам сказала, каб прыходзілі заўтра, маўляў, усе талоны будуць сапраўдныя, – распавёў праваабаронца.

Паводле яго слоў, іншыя пацыенты паведамілі, што з паліклінікі таксама нікога не выпускаюць:

– Прайшло хвіліны дзве-тры. Выпусцілі чалавек пяць пацыентаў. Усе – у масках. Яны сказалі, што ўсе, хто ўнутры, атрымалі маскі. Адзін з іх сказаў, што ў паліклініку прыйшоў пацыент з тэмпературай і сказаў, што прыехаў з Кітая. Пасля гэтага адразу зачынілі паліклініку. Іншая жанчына распавяла, што ва ўсіх пацыентаў, якія знаходзіліся ці знаходзяцца ўнутры, перапісваюць звесткі.

Калі Барыс Бухель сышоў адтуль, убачыў з адваротнага боку будынка людзей у аранжавых касцюмах і сфатаграфаваў іх.

– Я ператэлефанаваў у стол даведак недзе праз паўтары гадзіны, спытаць, што здарылася і што рабіць з маім талонам. Там сказалі, што яны ўжо адкрыты і можна падыходзіць. Спаслаліся, што праводзілі санітарную апрацоўку. Калі спытаў, з чым яна звязаная, сказалі, каб пачытаў ў Інтэрнэце. Я гэта расцаніў, як намёк на каронавірус, – сказаў Бухель.

ШТО КАЖУЦЬ У МЕДУСТАНОВЕ?

Журналісты нашага сайта ў прыватным парадку паспрабавалі высветліць, што здарылася ў паліклініцы №4.

Па тэлефоне ў стале даведак нашага карэспандэнта перанакіравалі на галоўнага лекара. Аднак у апошняга тэлефонная лінія ўвесь час то занятая, то ўключаецца факс. Яго каментар атрымаць не ўдалося.

Ва Упраўленні аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкама паведамілі, што гэта могуць быць вучэнні.

Такую ж думку выказалі ў аддзеле эпідэміялогіі Магілёўскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі:

– На дадзены момант зарэгістраваных выпадкаў каронавіруса ў Магілёўскай вобласці няма. Магчыма, гэта вучэнні як раз з-за агульнай сітуацыі ў свеце.

РАЗМОВЫ ПРА ВУЧЭННІ КАЗКІ

Міністэрства аховы здароўя Беларусі пракаментавала інфармацыю аб двух пацыентах, якіх павезлі з магілёўскай паліклінікі 4 медыкі ў ахоўных касцюмах. Пацыенты вярнуліся з адпачынку ў Кітаі. І на ўсялякі выпадак вырашылі праверыцца, бо турбавала падвышаная тэмпература цела.

Вышэй 37 градусаў тэмпература ў пацыентаў не ўздымалася, – удакладніла прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя. Тым не менш, іх шпіталізавалі для ўдакладнення дыягназу