Матэрыялы справы Андрэя Юркова ўжо перадалі з Дрыбінскага РАУС у мясцовы суд.

20 снежня. Магілёў-Дрыбін. Ігар Лазоўскі


Праваабаронца «Магілёўскай вясны» Барыс Бухель паведаміў MSPRING.ONLINE, што адміністрацыйная справа былога вылучэнца ў Палату прадстаўнікоў Андрэя Юркова зноў перададзена ў суд. Працэс пачнецца а 12:00 23 снежня. Гэта будзе ўжо другая спроба міліцыі засудзіць Юркова.

У верасні 2019 гады мужчына паставіў у «Аднакласніках» знак «Сумую» на карцінку, дзе параўноўваліся савецкі і нацысцкі рэжымы. Дзякуючы алгарытмам сацсеткі, малюнак патрапіла ў асабістую стужку Юркова.

Мем адсачылі ва УУС Магілёўскага аблвыканкама. Старшы інспектар Пугачоў склаў рапарт, у якім адзначыў, што Юркоў распаўсюдзіў «нацысцкую сімволіку», што забаронена арт.17.10 КоАП РБ. Намеснік начальніка УУС Уладзімір Рыжанкоў перанакіраваў рапарт у Дрыбінскі РАУС, дзе з ім, відавочна, не справіліся.

Лейтэнант міліцыі Станкевіч склаў на Юркова адміністрацыйны пратакол па іншым артыкуле – замест распаўсюджвання нацысцкай сімволікі, міліцыянт прыпісаў мужчыну распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (ч.2 арт. 17.11).

Першы суд павінен быў адбыцца 13 снежня, але з-за памылак супрацоўнікаў Дрыбінскага РАУС у адміністрацыйным пратаколе суддзя Барыс Пігаль адправіў справу на дапрацоўку. Пасля выпраўлення недахопаў, суд Дрыбінскага раёна ўсё ж такі прыняў матэрыялы справы ў вытворчасць.

Андрэй Юркоў – вядомы ў Дрыбіне палітык і бізнесмен. На мінулых выбарах улады афіцыйна напісалі яму 7,3% галасоў па Горацкай выбарчай акрузе.