Вылучэнцу па Горацкай выбарчай акрузе №82 Андрэю Юркову ўручылі позву на 13 снежня.
6 снежня. Магілёў-Дрыбін. Алесь Святліцкі
Андрэя Юркова чакае суд па адміністрацыйным правапарушэнні за рэакцыю пад мемам ў «Аднакласніках». У верасні 2019 гады мужчына паставіў знак «Сумую» на карцінку, дзе параўноўваліся савецкі і нацысцкі рэжымы. Дзякуючы алгарытмам сацсеткі, малюнак патрапіў у асабістую стужку Юркова.
Паколькі ў меме прысутнічае ілюстрацыя сцяга нацысцкай Германіі, міліцыя вырашыла, што Юркоў распаўсюдзіў «экстрэмісцкі матэрыял» – нават нягледзячы на відавочна негатыўнае стаўленне экс-кандыдата да падобнай сімволіцы.
На яго склалі пратакол па ч.2 ст.17.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць».
Лейтэнант міліцыі Станкевіч ў пратаколе пазначыў, што Юркоў размясціў «інфармацыйную прадукцыю уключаную ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў (палатно чырвонага колеру з нацысцкай сімволікай). Гэта памылка, лічыць праваабаронца «Магілёўскай вясны» Аляксандр Буракоў:
– У дадзены момант нашы валанцёры і праваабаронца Барыс Бухель рыхтуюць выступ для Андрэя Юркова ў судзе. Адміністрацыйная справа з-за мема – гэта ўжо мем. Яшчэ і спадар-супрацоўнік міліцыі Станкевіч напісаў поўную лухту. У спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў сапраўды ёсць забарона на чырвонае палатно са свастыкай. Але там маецца на ўвазе канкрэтна ануча, рэч, а не інтэрнэт-карцінка – інакш была б пазначаная хоць якая-небудзь гіперспасылка. Малюнак, які апынуўя ў стужцы Юркова, наогул адсутнічае ў спісе экстрым-матэрыялаў.
Працэс адбудзецца ў судзе Дрыбінскага раёна ў пятніцу, 13 снежня. Пачатак – а 10:00.