Новае тэрытарыяльнае ўтварэнне называецца «Днепра-Дзвінскі рэгіён». Пакуль яно існуе толькі на паперы. Але пра яго складаюць ужо досыць сур’езныя дакументы.
22 лістапада. Магілёў-Смаленск. Саша Мінько
Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!
Адразу дзве аналітычныя працы, прысвечаныя рынку працы і міграцыі ў так званым «Днепра-Дзвінскім рэгіёне» прадставілі за апошні месяц смаленскія даследчыкі, якія працуюць на расійскае Агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў. Іх праца аплочваецца грантамі з фонду расейскага прэзыдэнта.
У працах дырэктара Агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў Антона Кузаўкі і эксперта гэтага агенцтва, дацэнта Смаленскага дзяржуніверсітэта, Ігара Бараноўскага выкарыстоўваецца ўжо ўстойлівае паняцце «Днепра-Дзвінскі рэгіён», скарочана – «ДДР». Некаторыя айчынныя алармісты ўбачылі ў гэтым падабенства з «ДНР» і задаюцца пытаннем, ці не ідзе падрыхтоўка да прамацвання новай «народнай рэспублікі». На некаторых выданнях Агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў можна нават убачыць карту «ДДР»:
У «ДДР», згодна з даследаваннямі расійскіх экспертаў, уваходзяць Смаленская, Віцебская і Магілёўская вобласці, а цэнтрам гэтай агламерацыі лічыцца расійскі Смаленск. Насельніцтва Днепра-Дзвінскага рэгіёна ацэнена ў 3,1 мільёна чалавек.
Цікава, што, даследуючы перадумовы працоўнай міграцыі ў прыграніччы, Антон Кузаўка адзначае, што ДДР адрозніваецца прысталічным становішчам: на ўсходзе ён мяжуе з Маскоўскай, а на захадзе з Мінскай вобласцю, пры гэтым адлегласць паміж Менскам і Масквой складае «усяго 710 км».
Такое ўнікальнае становішча, піша эксперт, стварае асаблівыя ўмовы і фармуе унікальнае бізнес-асяроддзе. І яго зусім не бянтэжыць той факт, што да любой іншай сталіцы ад Мінска адлегласць значна меншая: да самага далёкага – Кіева – 567 км, да Варшавы – 550 км, да Рыгі – 484 км, а да Вільні ўвогуле 189 км. Пра гэта аўтары сціпла замоўчваюць.
Далей эксперты сканцэнтраваліся на лічбах, прадастаўленых статупраўленнем Беларусі і Расіі. І, верагодна, яны адрозніваюцца. Найбольшы аб’ём свабодных працоўных рэсурсаў даследчыкі выявілі ў Магілёўскай і Віцебскай абласцях, а найбольш прывабным рынкам працы яны назвалі Смаленскую вобласць.
Узровень беспрацоўя ў іх даследаваннях (дадзеныя за 2017 г.) пазначаны наступны: Магілёўская вобласць – 8%, Віцебская – 6,4% Смаленская – 5,7%. Нагадаем, беларускія ўлады заяўляюць, што беспрацоўе ў краіне трымаецца на ўзроўні 0,5%.
Расійскія эксперты нават звялі рэальныя дадзеныя па колькасці працоўных рэсурсаў у спецыяльную табліцу па гадах:
Навошта гэта трэба смаленскім экспертам?
Ігар Бараноўскі адзначае, што ў цяперашні час для тэрыторыі Смаленскай вобласці характэрная неспрыяльная дэмаграфічная сітуацыя. За апошнія 10 гадоў колькасць яе насельніцтва нават з улікам прыросту міграцыі скарацілася на 3,3%. Гэта звязана з высокім узроўнем натуральнага змяншэння, характэрным для Смаленшчыны ў сілу нізкай нараджальнасці і высокай смяротнасці. Акрамя таго, для Смаленшчыны характэрная адмоўная ўнутраная (у межах Расіі) міграцыя. Штогод ад 3 да 4 тысяч чалавек з’язджаюць у Маскву, Санкт-Пецярбург і Краснадарскі край.
У сваю чаргу, Антон Кузаўка адкрыта піша, што маскоўскі рэгіён адцягвае высокакваліфікаваныя матываваныя на інтэнсіўную працу кадры высокім коштам аплаты працы. А ў Смаленску, адзначае ён, сярэдні заробак складае ўсяго 460 даляраў ЗША.
Часткова дэфіцыт інжынерных кадраў у Смаленскай вобласці ўжо зараз кампенсуецца за кошт прытоку працоўных рэсурсаў з памежных рэгіёнаў Беларусі. Незанятыя працаздольныя жыхары Віцебскай і Магілёўскай абласцей у большасці сваёй мігруюць у пошуках працы альбо ў Мінск ці Маскву, альбо ў Смаленскую вобласць.
Міграцыя здольная забяспечыць збалансаванае сацыяльна-эканамічнае развіццё расійскага рэгіёну, лічаць эксперты. За кошт прыезджых можна палепшыць структуру працоўных рэсурсаў, выраўнаваць палавую і ўзроставую структуру насельніцтва, павысіць нараджальнасць і шлюбнасць. За апошнія пяць гадоў найбольшы паток мігрантаў фармуецца з Беларусі, Украіны і Таджыкістана, і доля беларусаў складае больш за 55% ад колькасці прыезджых замежнікаў.
А цяпер няхітрыя высновы экспертаў. Для павышэння прывабнасці бізнес-клімату і рэалізацыі стратэгічных дакументаў развіцця прыгранічных рэгіёнаў (аказваецца такія дакументы даўно ўжо ёсць!) патрэбна агульная канцэпцыя развіцця адукацыйнага комплексу Смаленскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей. Прапануецца стварыць на базе аднаго з смаленскіх ВНУ расейска-беларускі факультэт кіравання і эканомікі.
На яго базе на бюджэтнай аснове можна было б рыхтаваць кадры для дзяржаўнай службы ў органах улады «ДДР». Дарэчы было б стварыць у «ДДР» і расійска-беларускі бізнэс-інкубатар пры садзейнічанні органаў улады Саюзнай дзяржавы.
Пра тое, з якіх крыніц фінансуецца праца даследчыкаў мы ўжо пісалі: