Раней агітацыйныя матэрыялы Аляксандра Комара не жадалі друкаваць у газеце і друкарні з-за слоў пра Лукашэнку. Цяпер яго ўвогуле выключылі з спісу кандыдатаў.


15 лістапада. Алесь Святліцкі. Бабруйск


Кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Бабруйскай-Ленінскай акрузе №78 ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Комара знялі з выбарчай гонкі.

Акруговая выбарчая камісія (АВК) вырашыла, што Аляксандр Комар неправамерна называўся імем былога старшыні АГП Анаталия Лябедзька і вёў сябе непрыстойна.

– Мне ўчора [14 лістапада] акруговая выбарчая камісія зрабіла першае папярэджанне, як кандыдату. Нібыта, мая давераная асоба паводзіла сябе вельмі абуральна на адным з выбарчых участкаў. Вядома, усякае глупства напісалі, што нібыта ён пагражаў і ўсё такое. Сёння мне патэлефанавалі, сказалі, што будзе паседжанне. Я не паспеў на яго, паколькі быў у Мінску, таму падрабязнасцяў не ведаю. Мне сказалі, што ў мяне вельмі шмат парушэнняў, таму здымаюць з выбараў. Сам я на пасяджэнні не быў, прысутнічала Галіна Смірнова, кіраўнік Бабруйскай гарадской арганізацыі АГП, – распавёў MSPRING.ONLINE Аляксандр Комар.

Па словах Галіны Смірновай, усё пачалося з таго, што з выбарчага ўчастка выдалілі назіральніка ад кампаніі «Правы выбару». Кандыдат у дэпутаты Аляксандр Комар прыехаў на ўчастак №12, які размясціўся ў інтэрнаце прадпрыемства па абслугоўванню жыллёвага фонду Ленінскага раёна Бабруйска, каб разабрацца ў праблеме:

Акруговая камісія заявіла, што ён прыйшоў і нібыта вёў сябе некарэктна – поўная лухта. Прыдумалі, што ён нібыта прадставіўся былым старшынём АГП Анатолем Лябедзькам. Папракнулі тым, што Комар паводзіў сябе задзірліва. Так яны ахарактарызавалі тое, што ён спытаў, на якой падставе выдалілі з участку назіральніка і паскардзіўся ў АВК на інцыдэнт, – пракаментавала сітуацыю Смірнова.

Па яе словах, ўчастковыя выбаркамы «паводзяць сябе звышнахабна- назіральнікаў выганяюць пачкамі». Пры гэтым кандыдата, які спытаў, чаму так адбываецца, АВК пазбавіла рэгістрацыі.

Тым самым, адзначае Галіна Смірнова, акруговая камісія адрэзала ад выбараў галоўнага непраўладнага канкурэнта дзеючага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ірыны Рынейскай.

Раней з выбараў у Бабруйскай-Ленінскай акрузе №78 зняліся два кандыдаты-бюджэтніка – ваенны Ігар Мацвіенка і бібліятэкар Святлана Грыцэнка.

Акрамя таго, сам Комар на працягу апошніх двух тыдняў пакутаваў ад цэнзуры – дзяржаўныя друкарня і газета адмовіліся друкаваць яго праграму з-за слоў пра прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.