Стан здароўя самага маладога вязня бабруйскай выхаваўчай калоніі №2 для непаўналетніх рэзка пагоршыўся. Ён мае патрэбу ў дапамозе псіхолага і, падаецца, яму нанесеная непапраўная шкода.
21 кастрычніка. Бабруйск. Саша Мінько
Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі рыэсурсамі, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!
Мама і сястра Азіза Тагаева, якому 12 кастрычніка споўнілася 17 гадоў, на наступны дзень пасля дня нараджэння падлетка сустрэліся з ім у калоніі на доўгатэрміновым спатканні. Азіз стаў прыкметна заікацца, стаў замкнёным, а на яго шыі з’явіліся вялікія, дыяметрам у 6-7 сантыметраў, белыя плямы.
На момант затрымання дзевяцікласніку Азізу Тагаеву было ўсяго 15 гадоў. Нягледзячы на тое, што ні пры ім, ні пры наступным ператрусе кватэры ніякіх наркотыкаў выяўлена не было, хлопцу прад’явілі абвінавачанне па частцы 3 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса (распаўсюджванне наркатычных сродкаў групай асоб).
Доказам яго віны паслужыла перапіска з аднакласнікам ў мэсэнджэры, хоць Азіз заяўляў, што адказаў на прапанову рабіць закладкі катэгарычнай адмовай. У юным узросце юнак адчуў на сабе, што такое СІЗА, турэмны этап і прысуд у 8 гадоў калоніі.
Ужо другі год хлопец змяшчаецца ў адзінай у краіне бабруйскай выхаваўчай калоніі №2 для малалетніх злачынцаў. Улічваючы, што да паўналецця яшчэ далёка, ён нават не можа разлічваць на перавод у дарослую калонію, куды імкнуцца вязні ВК-2, жадаючы палегчыць умовы ўтрымання.
Дадамо, што хлопец мае ярка выяўленую знешнасць выхадца з Сярэдняй Азіі (родам яго сям’я з Узбекістана), па веравызнанні ён мусульманін і нават у зняволенні захоўвае ў сябе Каран. У ліпені мы ўжо распавядалі, як у бабруйскай ВК-2 была арганізавана траўля падлетка, у тым ліку па нацыянальнай і рэлігійнай прыкметах
Менавіта тады, чатыры месяцы таму, пасля таго, як Азіз атрымаў трэцяе спагнанне і быў пазбаўлены кароткатэрміновага спаткання, яго маці заўважыла, што хлопец стаў заікацца. На той момант хлопец ужо пяць месяцаў не бачыў родных і паўтара месяца быў пазбаўлены права на тэлефанаванні. Калі зноў з’явілася магчымасць размаўляць па тэлефоне, стала ясна, што націск не прайшоў для юнака без псіхалагічнай траўмы.
Спачатку маці ўспрыняла заіканне, як магчымыя тэхнічныя перашкоды. Але пазней праблема станавілася ўсё больш відавочнай. На апошнім спатканні стала зразумела, што наступіў момант, калі хлопцу тэрмінова патрабуецца дапамога медыцынскага спецыяліста.
Ад бацькоў удалося даведацца, што ў шасцігадовым узросце ў Азіза ўжо былі падобныя праблемы. Дзіцяці напалохала сабака, і ён стаў заікацца. Каб хлопец асмялеў і вярнуўся ў нармальны стан, спатрэбілася нямала намаганняў і часу. Тым не менш, ужо ў сярэдняй школе ў яго зусім не было ніякіх праблем з вымаўленнем. Азіз быў выдатнікам, добра ведаў ангельскую мову. Цяпер жа з-за стрэсу і жорсткага псіхалагічнага прэсінгу юнак стаў заікацца яшчэ мацней.
На дадзены момант стаўленне да хлопца ў бабруйскай ВК-2 з боку выхавальнікаў, ахоўнікаў і асуджаных стала больш-менш нейтральным. Аднак шкода здароўю хлопца ўжо нанесеная і можа апынуцца непапраўнай. Акрамя праблем псіхалагічнага характару, вядома, што ў хлопца даўно дыягнаставаны парок сэрца, а ўжо ў калоніі з-за ўдару ў яго развіўся касцяны артроз каленнай чашачкі – усе гэтыя хваробы прапісаныя ў яго медыцынскай картцы.
У той жа час пакуль не ясна, што трэба рабіць у падобнай сітуацыі. З пакоя перадач ВК-2 выдалены стэнд з тэлефонамі мэдычнай частцы калёніі і выхавацелямі. Такім чынам, бацькі вязняў пазбаўленыя магчымасці звязацца з медперсаналам і могуць звяртацца толькі да дзяжурнага, які не мае ніякіх паўнамоцтваў.
У першы год знаходжання ў калоніі Азіз Тагаеў атрымаў тры вельмі спрэчных спагнанні.
Улічваючы ўзрост і неспрактыкаванасць, апратэставаць іх ён не мог, таму не зразумелы ягоны лёс у рамках абяцанай начальнікам галоўнага ўпраўлення па наркакантролі МУС Генадзем Казакевічам амністыі для ўсіх непаўналетніх вязняў ВК-2, якія адбываюць тэрмін па артыкуле 328 КК. Нагадаем, палкоўнік Казакевіч заявіў, што амністыя будзе прымененая да 83-х непаўналетніх вязняў.
Праўда, ці выйдуць яны ўсе на волю, альбо тэрмін для іх толькі будзе скарочаны на два гады, ён не ўдакладніў.