Лідэры правацэнтрысцкай кааліцыі Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі і Юрась Губарэвіч прадставілі Магілёву планы на бліжэйшую будучыню.

5 кастрычніка. Магілёў. Цэнтр «Кола». Ігар Лазоўскі


Кіраўнікі АГП, БХД і руху «За свабоду!» Прадставілі 4 кастрычніка ў Магілёве пакет рэформаў па змене эканомікі дзяржавы, а таксама падзяліліся планамі на бліжэйшыя мясцовыя выбары. Яны павінны адбыцца не пазней за люты 2018 года.

Палітык Анатоль Лябедзька заявіў, што ўладам даводзіцца цяпер лічыцца з Захадам з-за дрэннага стану эканомікі і новых крэдытаў.

– Ім трэба паказаць, што ў нас ідзе лібералізацыя. Яны ўжо прадэманстравалі гатоўнасць ісці на саступкі – прыклад Ганны Канопацкой і Алены Анісім у парламенце. Таму ў мясцовых Саветах дэпутатаў мы чакаем убачыць апазіцыю. У тым ліку і для таго, каб паказаць, што нібыта дэмакратычныя выбары ў Беларусі можна правесці і з цяперашнім выбарчым заканадаўствам, – падзяліўся меркаваннем Лябедзька.

Лідэр БХД Віталь Рымашэўскі назваў канкрэтныя лічбы, колькі апазіцыянераў патрапяць у мясцовыя Саветы.

– Я думаю, што гэта будзе 20-30 чалавек. Нават цяпер, пачынаючы з 2010 года, у БХД ёсць некалькі чалавек, якіх рэгулярна трапляюць у сельскія Саветы дэпутатаў. Таму я цалкам дапускаю, што пары дзясяткаў кандыдатаў атрымаецца прайсці, – лічыць Рымашэўскі.

Паводле яго слоў, правацэнтрысцкая кааліцыя таксама рыхтуецца вылучыць адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года:

– Мы вельмі хочам, каб наш адзіны кандыдат стаў адзіным у тым ліку для ўсёй апазіцыі, каб усім разам працаваць у адным кірунку.

Пасля ўступных словаў выступіў эканаміст, былы кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Раманчук. Ён растлумачыў сэнс рэформаў, якія прапануе правацэнтрысцкая кааліцыя.

– Напрыклад, што тычыцца падатку на ўтрыманства – у нас няма ў заканадаўстве такога паняцця. Трэба вызначыць, што ж такое сацыяльнае ўтрыманства і які ўклад такія людзі ўносяць у эканоміку нашай краіны, – растлумачыў Раманчук.

Рэформы датычацца развіцця фінансавай інфраструктуры, стварэння новай сістэмы сацыяльных, медыцынскіх і адукацыйных паслуг, інвестыцыя і біржы працы. Цалкам з дакументам можна азнаёміцца на афіцыйным сайце АГП.