Праваабаронца Аляксандр Буракоў выйдзе на волю ў аўторак, 19 траўня, а 10-00. Таксама заўтра будзе вызвалены журналіст Алесь Асіпцоў: ён выйдзе а 12-45.

Зараз яны і яшчэ некалькі актывістаў і журналістаў утрымліваюцца ў магілёўскім Ізалятары часовага ўтрымання па адрасе: вуліца Крупскай, 99 Б.

Алесь Буракоў быў асуджаны да 10 сутак арышту за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу.

Аляксандр Буракоў быў затрыманы 8 траўня ў г. Магілёве супрацоўнікамі міліцыі проста каля будынку суда Ленінскага раёну, дзе ён мёўся назіраць за судовымі пасяджэннямі. Супраць яго пачалі адміністрацыйны працэс па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і ён быў затрыманы на 72 гадзіны да разгляду справы судом. 12 траўня суд Ленінскага р-на (суддзя Палякова) вынес пастанову аб прыцягненні Буракова да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе адміністрацыйнага арышту на 10 сутак.

Журналіст Алесь Асіпцоў быў затрыманы 9 траўня ў Бабруйску, дзе асвятляў акцыю пратэсту. 12 траўня судом Кастрычнікага раёна Магілёва (суддзя Ясенка) асуджаны да 10 сутак арышту па арт. 23.23 КаАП.

Нагадаем, што ў ІЧУ зараз утрымліваецца праваабаронца Алесь Буракоў (aka Саша Райкан, 10 сутак), актывіст Станіслаў Паўлінковіч (15 сутак), журналіст Міхаіл Аршынскі (21 суткі), актывіст Васіль Курушын (7 сутак).