Як стала вядома рэдакцыі, Анатоль Сінкавец, які ўзначальваў галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама, 31 снежня пакінуў свой пост.
Чыноўнік прабыў на сваёй пасадзе амаль дзесяць гадоў. Упершыню Сінкавец сеў у скураное крэсла галоўнага абласнога ідэолага 15 лютага 2005 года. Да гэтага ён быў загадчыкам аддзела культуры і працы з моладдзю Бабруйскага райвыканкама.
Больш за ўсё быў вядомы сваёй увагай да развіцця культуры ў Бабруйску. У прыватнасці, пад ягоным патранажам атрымаў другое жыццё Фестываль нацыянальнай драматургіі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча, падчас якога ў Бабруйск з’язджаліся трупы з іншых абласцей і нават краін.
Імя і прозвішча Сінкаўца ўжо прыбралі з графы «Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі» афіцыйнага сайта аблвыканкама. Часова ягоныя абавязкі ўзяла на сябе Ала Галушка, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення і начальнік упраўлення ідэалагічнай працы.
У дадзены момант, зыходзячы з атрыманай інфармацыі, на вакантнае месца прэтэндуюць тры кандыдаты – чыноўнік з гэтага ж упраўлення (хутчэй за ўсё, гэта ўжо згаданая Ала Галушка альбо начальнік упраўлення культуры Алена Баброва), намеснік старшыні гарвыканкама Андрэй Кунцэвіч і адзін з прадстаўнікоў раённых выканаўчых камітэтаў . Імя новага адказнага за ідэалогію і культуру Магілёўшчыны павінны назваць да канца студзеня.