Як КДБ паспрабаваў укараніцца ў «Магілёўскую вясну» і MAYDAY

Спойлер – няўдала.

Гісторыя пачалася больш за месяц таму – 9 ліпеня. Пасля дастаткова доўгага сачэння валанцёрка MAYDAY Таццяна Жывіца была затрыманая групай невядомых, калі выходзіла ад сяброўкі на вуліцы Арлоўскага ў Магілёве.

Прычынай для затрымання валанцёркі былі паштоўкі і лісты салідарнасці, якія яна з сябрамі адпраўляла палітвязням.

Невядомымі апынуліся супрацоўнікі УКДБ па Магілёўскай вобласці. У той час па Магілёве якраз масава ішлі затрыманні і допыты па крымінальнай справе нібыта аб тэрарызме.

РАПТОЎНЫ ЗАХОП

Людзі, у якіх павінны быць гарачае сэрца і халодная галава, чакалі жанчыну ў кустах. Спярша яна палічыла іх за зладзюжак, якія выйшлі на паляванне за тэлефонамі, бо менавіта гэту прыладу схапіў невядомы дзіўнага выгляду. Але пазней Таццяна асалапела ад пасведчання, дзе было напісана “КДБ”.

Для пачатку яе павезлі дадому, каб правесці там ператрус. Натуральна, там нічога падазронага не знайшлі, але на ўсялякі выпадак канфіскавалі ноўтбук.

Пасля супрацоўнікі спецслужбы павезлі Таццяну Жывіцу ў Магілёўскае аблупраўленне на вуліцы Піянерскай, дзе дапытвалі яе напрацягу некалькіх гадзін.

Калегі Жывіцы, заўважыўшы, што яна некаторы час не выходзіць на сувязь, пачалі самастойныя пошукі. Дастаткова хутка высветлілася, што яна знаходзіцца менавіта ва ў УКДБ па Магілёўскай вобласці. Калі Жывіцы патэлефанавала дачка, Таццяне пад ціскам чэкістаў прыйшлося схлусіць, што яна знаходзіцца ў судзе, дзе маніторыць адзін з палітычных працэсаў.

Адвакат Таццяны Жывіцы таксама схадзіў у КДБ, аднак дзяжурны адмовіўся нават паведамляць, ці знаходзіцца валанцёрка ў іх. Да сваёй падабароннай адваката не дапусцілі.

ПРЫЦЭЛ НА ВЯСНУ

Натуральна, што падстава для затрымання апынулася фармальнасцю. Усё, што цікавіла агентаў – магілёўскае аддзяленне ПЦ “Вясна” і валанцёрская каманда MAYDAY.

Супрацоўнікі КДБ задавалі пытанні, хто і чым канкрэтна займаецца ў праваабарончым цэнтры, пыталіся пра асобных людзей – Аляксея Колчына, Аляксандра Буракова, Наталлю Міхалькову і Барыса Бухеля.

Асабліва чэкістаў цікавіла, хто вядзе телеграм-канал MAYDAY.

spring96.org

У сваю чаргу, Таццяне агенты КДБ казалі, што яе калегі з “Вясны” ўжо пабывалі ў іх і “здалі” ўсіх і ўся (што не магло адбыцца фізічна – ужо доўгі час яны знаходзяцца за мяжой).

Таксама цікава, што чэкісты прама заявілі Таццяне, што журналіст “Магілёўскай вясны” Саша Райкан (Буракоў) нібыта размясціў інфармацыю пра старэйшага следчага УСК па Магілёўскай вобласці Андрэя Шэцько ў адным з телеграм-каналаў, прызнаных экстрэмісцкімі, хоць Райкан нават ніколі не быў на яго падпісаны і ніякай інфармацыяй асабістага характару пра Шэцько ня валодае і нават ніколі з ім не сутыкаўся.

КЛЮЧ АД ДЗВЕРЦАЎ

Двое супрацоўнікаў апрацоўвалі жанчыну на працягу васьмі гадзін – у 11.00 яна была затрыманая, а ў 19.00 адпушчаная. Як і ўсім магілёўцам, якіх апошні месяц масава возяць у гэтую ўстанову, Таццяне Жывіцы прапанавалі падпісаць паперу аб супрацоўніцтве і запісаць відэа з асуджэннем экстрэмізму, што і было зроблена. Альтэрнатывай была пераканаўчая пагроза крымінальнага пераследу і затрыманне мінімум на 72 гадзіны ў якасці падазраванай. Пасля вярбоўкі жанчыне выдалі працоўнае імя «Шрэк».

А квінтэсенцыяй працы сакрэтных агентаў стала бесклапотная прапанова аддаць ім ключы ад офіса «Магілёўскай вясны». Пашанцавала, што ўжо доўгі час ключоў у Таццяны не было.

Гэта адбылося падчас другой сустрэчы, калі “рыцарам плашча і кінжала” падалося, што вярбоўка прайшла ўдала. Так, супрацоўнікі КДБ вырашылі пракрасціся інкогніта ў працоўнае памяшканне праваабаронцаў. Хоць «Магілёўская вясна» заўсёды працавала адкрыта і нічога не перашкаджала чэкістам проста зайсці і паглядзець, хто і як працуе.

Выйшаўшы з будынка КДБ, валанцёрка адразу распавяла аб вярбоўцы усім калегам, сябрам і знаёмым. Перад праваабаронцамі стала праблема зрабіць яе жыццё максімальна бяспечным. У дадзены момант, па просьбе калегаў, Таццяна Жывіца пераехала жыць у іншую краіну.