Першая “Манстрацыя” ў Магілёве: як гэта было (ФОТА + ВІДЭА)

Менш тэксту, больш малюнкаў!

27 траўня. Магілёў. Алесь Святліцкі. Відэа – Ірына Вайс

Усе фота – Дзяніс Васількоў, TUT.BY


26 траўня на стадыёне па вул. Чалюскінцаў прайшла першая ў гісторыі Магілёва “Манстрацыя” у выглядзе пікету. Таксама гэта стала першай грамадзянскай акцыяй за 7 гадоў, якую ўзгаднілі мясцовыя ўлады.

У “Манстрацыі” узялі ўдзел 6 чалавек. Арганізатары – праваабаронцы і валанцёры “Магілёўскай вясны” – падрыхтавалі больш за два дзесяткі плакатаў, каб акцыя выглядала больш дынамічна.

Акрамя сцёбу над адсутнасцю свабоды мірных сходаў у Беларусі, удзельнікі “праехаліся” па мноству іншых падзей і нават зрабілі рэверанс у бок дэпутата Ігара Марзалюка: перад адкрыццём “Манстрацыі” перарэзалі чырвоную стужку.

За акцыяй з боку назірала каля дзясятка журналістаў і мінакоў. Па словах арганізатараў, большага чакаць і не прыходзілася – стадыён фактычна закінуты і знаходзіцца ў адным з найменш людных месцаў Магілёва.

Пасля паўгадзіны пікетавання ўдзельнікі падзякавалі ўсім, хто прыйшоў падтрымаць і паглядзець на “Манстрацыю”. Акцыя прайшла спакойна. Паслугі медыкаў і міліцыі не спатрэбіліся. Камунальнікі, з якімі арганізатары заключылі дамову на ўборку месца правядзення мерапрыемства, падчас “Манстрацыі” адсутнічалі.

Зрэшты, без праблем не абышлося – па папярэдніх дадзеных, міліцыя збіраецца “налічыць” больш удзельнікаў, чым было на самай справе – да шасці чалавек дадаць яшчэ і гледачоў з журналістамі. Пра гэта супрацоўнік УУС Магілёўскага аблвыканкама Пугачоў заявіў аднаму з арганізатараў Аляксандру Буракову.

На дадзены момант кошт “Манстрацыі” для арганізатараў склаў прыкладна 150 рублёў. Калі ж удзельнікаў налічаць больш за 10, сума можа вырасці мінімум у чатыры разы.