Пад вокнамі Ігара Барысава дзяжурыць мікрааўтобус з АМАП, а Аляксандр Сілкоў вядзе размовы ў Ленінскім РАУС.

15 сакавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі. На здымку – Аляксандр Сілкоў падчас уручэння прэміі “Чалавек году-2016” па версіі “Грамадскага Магістрата”.


За некалькі гадзін да пачатку акцыі затрымалі каардынатара руху «За Свабоду» Аляксандра Сілкова, які з’яўляецца адным з арганізатараў «Маршу недармаедаў» 15 сакавіка.

У сваім Facebook ён паспеў паведаміць пра тое, што сядзіць у Ленінскім РАУС. Пазней стала вядома, што яго забралі ў райаддзел «для размовы аб вячэрнім мерапрыемстве», пры гэтым ён не з’яўляецца ні сведкай, ні абвінавачаным. Чакаецца, што Сілкоў прабудзе ў РАУС да вечара, пакуль не скончыцца акцыя.

Другі каардынатар акцыі, Ігар Барысаў, у сваім Facebook паведаміў аб тым, што ён заблакаваны ў сваёй хаце: пад вокнамі дзяжурыць мікрааўтобус з АМАП.

Нагадаем, палітыка ўжо затрымлівалі гэтай ноччу па прылёце з Германіі ў аэрапорце «Мінск-1».