Актывіст Антон Касцоў збірае подпісы за прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці людзей, якія пазіравалі з трыкалорам у цэнтры горада.

2 сакавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Магілёўскі актывіст размясціў адпаведную петыцыю на petitions.by.  Па стане на 2 сакавіка, ён сабраў 36 подпісаў. Антон Касцоў лічыць, што двое чалавек, якія фатаграфаваліся на фоне Вечнага агню з расійскім і савецкім сцягамі, парушылі заканадаўства ў сферы масавых мерапрыемстваў. Здымкі былі распаўсюджаныя па старонках у сацыяльных сетках «Укантакце» і «Аднакласнікі», якія прапагандуюць “рускі свет”.

«Па інфармацыі ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”, прыкладна 23 лютага 2017 года, у горадзе Магілёве, а менавіта на пл. Славы, вул. Ленінскай і вул. Першамайскай групай асоб было праведзена несанкцыянаванае масавае мерапрыемства … Дадзенае дзеянне пацвярджаецца фотаматэрыяламі, зробленымі самімі ўдзельнікамі мерапрыемства. Як мяркуецца,  арганізатарам гэтага мерапрыемства з’яўляецца жыхар горада Мінска Аляксей Галавін, падпісаны ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте” як “Шахид Безмятежный” (https://vk.com/borovoy_1970). Па інфармацыі са СМІ, ён таксама прымаў удзел у несанкцыянаваным пікеце ў Мінску 4 лютага 2017. У сувязі з вышэйпададзеным, мы, ніжэйпадпісаныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь просім правесці праверку, даць прававую ацэнку і прыцягнуць вінаватых у здзяйсненні дадзенага правапарушэння да адміністрацыйнай адказнасці згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь », – пазначыў у петыцыі Касцоў. Калі петыцыі ўдасца сабраць дастатковую колькасць подпісаў, яна будзе накіравана ў Міністэрства ўнутраных спраў.

Адзначым, што частка супольнасці ўспрыняла петыцыю негатыўна – актывіста папракнулі на яго старонцы ў Facebook у «актыўным піяры» людзей з трыкалорам, а таксама выбарчым падыходам да права на мірныя сходы.