Калекцыя постэраў «Смерць – гэта не справядлівасць» будзе знаходзіцца ў малой зале грамадскага цэнтра яшчэ месяц.

10 кастрычніка. Магілёў. Грамадскі цэнтр «Кола». Алесь Святліцкі


Выстава прымае наведвальнікаў з 9 кастрычніка. Постэры калекцыі «Death – is not juctice» («Смерць – гэта не справядлівасць») былі падрыхтаваныя праваабарончым цэнтрам “Вясна” ў рамках «Тыдня супраць смяротнага пакарання».

На выставе прадстаўлена шэсць работ з серыі «Аргументы супраць смяротнага пакарання», а таксама амаль два дзясяткі постэраў праекта “Poster For Tomorrow”.

Упершыню гэтыя плакаты былі прадстаўлены 10 кастрычніка 2010 года ў некалькіх краінах свету, як вынік сусветнага конкурсу “Poster For Tomorrow“. У ім узялі ўдзел больш за 2 тысячы чалавек з 67 краін свету. 10 кастрычніка 2010 года было абвешчана сто лепшых постэраў.

Частка з іх рэгулярна прэзентуюцца праваабарончымі арганізацыямі па ўсім свеце, у тым ліку Amnesty International, FIDH, Еўрапейскай камісіяй па правах чалавека і іншымі. У Беларусі работы былі прадстаўлены ў Мінску пры падтрымцы праваабарончага цэнтра “Вясна” ў 2010 годзе. У гэты раз плакаты вырашылі паказаць магілёўцам у рамках «Тыдня супраць смяротнага пакарання».

Экспазіцыя даступная ў любы час, у залежнасці ад рэжыму працы грамадскага цэнтра “Кола”.