Магілёўскіх журналістаў будуць судзіць за рэпартаж пра парад тралейбусаў

Аліна Скрэбунова і Аляксандр Сідарэўскі атрымалі позвы ў суд за «незаконны выраб прадукцыі СМІ».

10 лютага. Магілёў. Алесь Святліцкі


Міліцыя затрымала фрылансерку Аліну Скрэбунову, калі яна накіроўвалася на акцыю пратэсту супраць павышэння коштаў на бензін у суботу, 8 лютага.

Як распавёў праваабаронца «Магілёўскай вясны» Барыс Бухель, дзяўчыну на выхадзе з дому чакалі супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС Сяргей Афанасьеў і Андрэй Цярэнцій.

Яе адвезлі ў раённы аддзел міліцыі, дзе склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па ч.2.ст.22.9 КаАП (Незаконнае выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Міліцыянты палічылі, што Аліна вінаватая ў тым, што зрабіла сюжэт для тэлеканала БелСАТ, прысвечаны 50-годдзю тралейбуснага парку ў Магілёве і параду тралейбусаў. Ёй выпісалі позву ў суд на 19 лютага.

Пазней быў затрыманы Аляксандр Сідарэўскі, якога міліцыя палічыла аператарам. Пасля затрымання Скрэбуновой ён паехаў на акцыю пратэсту на таксі, аднак аўто спынілі супрацоўнікі ДАІ, паведаміў БелСАТ.

Калі Сідарэўскі выйшаў з машыны і пайшоў на масавае мерапрыемства пешшу, яго перахапілі супрацоўнікі міліцыі. На яго быў складзены пратакол за той жа самы сюжэт, што і ў Скрэбуновай. Суд над ім таксама адбудзецца 19 лютага.

Сама акцыя пратэсту супраць падвышэння коштаў на бензін прайшла ціха і засталася амаль незаўважанай. Каля двух дзясяткаў кіроўцаў сабраліся недалёка ад гандлёвага цэнтра Е-сіці. У знак пратэсту яны павязалі на свае аўто чырвоныя стужкі. Акцыя прайшла мірна, затрыманых не было.