Хочуць сабраць яшчэ некалькі дзясяткаў тысяч. І не, яны нават не з «Вячэрняга Магілёва».

10 ліпеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі / photo – Katolik.life


17 актывістаў і валанцёраў магілёўскай пралайф арганізацыі «Адкрытыя сэрцы» падчас традыцыйнага рэлігійнага фэсту ў Будславе 5-6 ліпеня сабралі больш за 1700 подпісаў «у абарону традыцыйнай сям’і». Звароты будуць накіраваныя да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

Сярод іншага, пралайф-актывісты прасілі людзей падпісацца за адмену арт. 27 закона «Аб ахове здароўя», у якім апісваюцца ўмовы для здзяйснення абортаў.

Канчатковае патрабаванне арганізацыі – прыняцце закона, які будзе афіцыйна абараняць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці.

1700 подпісаў – не канец. Актывісты абвясцілі пачатак агульнарэспубліканскай кампаніі, падчас якой у каталіцкіх парафіях краіны плануецца сабраць некалькі дзесяткаў тысяч подпісаў, пасля чаго паперы будуць накіраваны на імя прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

«Па словах арцыбіскупа Мітрапаліта Кандрусевіча, які, у сваю чаргу, працытаваў Тату Францыска, гендэрная ідэалогія і звязаная з ёй прапаганда гомасэксуалізму з’яўляюцца новай формай ідэалагічнай каланізацыі, праз якую вірус лібералізму хоча знішчыць заснаваны Богам інстытут сям’і», – гаворыцца ў заяве арганізацыі ў групе «Вконтакте».