Расійскі грант дапаможа перавабіць кліентаў беларускіх аграсядзібаў у смаленскае прымежжа

Фонд прэзідэнцкіх грантаў Уладзіміра Пуціна вырашыў ўкласціся ў «Народныя цэнтры гасціннасці», размешчаныя ўздоўж беларуска-расійскай мяжы.

23 ліпеня. Ірына Вайс. Магілёў-Смаленск


Адміністрацыя Смаленскай вобласці пачала пабудову рэгіянальнай сеткі «Народных цэнтраў гасціннасці». У гэтым турыстычным праекце, названым у Расіі унікальным, бяруць удзел 25 муніцыпальных утварэнняў у сямі раёнах Смаленскай вобласці, якія прымыкаюць да Магілёўскай і Віцебскай абласцях. У кожнага «Народнага цэнтра» з красавіка гэтага года ўжо ёсць свой куратар, зацікаўленыя мясцовыя жыхары праходзяць навучанне ў «Школе прафесійнай гасціннасці» і ствараюць турысцка-экскурсійныя праграмы. Увосень гатовыя турыстычныя прадукты будуць прэзентаваныя на выніковым Рэгіянальным злёце «Народных цэнтраў гасціннасці» Смаленскай вобласці.

НЕРЭАЛІЗАВАНЫЯ ІДЭІ СЫХОДЗЯЦЬ КАНКУРЭНТАМ

Напрацягу апошняга дзесяцігоддзя беларускія малыя гарады часцяком пры падтрымцы праграм ЕС аналізавалі свой турыстычны патэнцыял і прыдумлялі свае «разыначкі». Тым жа займаліся і ўладальнікі аграсядзібаў. З 2006 года, калі з’явіліся першыя 30 такіх турыстычных кропак, іх колькасць вырасла да 2300. Але ў мінулым годзе гэты працэс пачаў зваротны адлік – рост спыніўся і нават паступова стаў зніжацца. Вядома, агульная іх колькасць уражвае, але трэба ўлічваць, што прыкладна траціна аграсядзібаў рэальна не працуюць, а былі зарэгістраваныя, каб іх уладальнікі не патрапілі ў разрад «дармаедаў».

Даходнасць аграсядзібаў падае. Зараз каб быць паспяховым у гэтым бізнэсе, трэба на чымсьці спецыялізавацца. Напрыклад, прапаноўваць гастранамічныя вынаходствы або займацца народнымі промысламі. Інакш турыст не паедзе, час банальных загарадных п’янак незваротна мінуў. Жыхарам мегаполісаў цікава супрацьлеглае – здаровае харчаванне. Таму частка паспяховых аграсядзібных бізнесмэнаў прыйшлі да разумення неабходнасці кааперацыі з фермерскімі гаспадаркамі і ствараюць турыстычныя кластары.

Усімі гэтымі вышэйапісанымі беларускімі напрацоўкамі, падобна, вырашылі скарыстацца расіяне. Колькасць турыстаў з гэтай краіны-суседкі ў мінулым годзе рэзка ўпала. На іх і накіраваны намаганні «Народных цэнтраў гасціннасці». Задача пераарыентаваць масквічоў і піцерцаў з беларускага памежжа на расійскае. Для гэтага пры Смаленскім навукова-адукацыйным цэнтры нават ёсць лабараторыя турысцка-рэкрэацыйных даследаванняў. А каардынацыю дзейнасці рэгіянальнай сеткі ажыццяўляе Смаленскае абласное краязнаўчае таварыства пры падтрымцы Цэнтра кластэрнага развіцця.

СЯБРОЎСТВА СЯБРОЎСТВАМ, А ГРОШЫ – ПААСОБКУ

Скажам прама, прырода Мсціслаўшчыны мала чым адрозніваецца ад суседняй Манастыршчыны або Хіславічаў. Паміж гэтымі мястэчкамі ўсяго па 30 кіламетраў. І пакуль у Мсціславе павольна развальваецца яго пярліна – іезуіцкі касцёл, а праграма Еўрасаюза па ўдзелу грамадства ў аднаўленні гістарычных гарадоў COMUS пакуль прабуксоўвае, на супрацьлеглым баку мяжы улічаны ўсе слабыя моманты.

Фота: kultura.admin-smolensk.ru

У расійскай Манастыршчыны распрацаваны адразу тры канцэпты, падобныя на беларускія. «Манастыршчынскі падворак» аб’яднае фермерскія гаспадаркі раёна, каб адрадзіць самабытную гастранамію. Ідэя не новая, упершыню такі праект быў рэалізаваны ў вёсцы Каробчына пад Мсціславам. Вось захапляльны сюжэт пра гэта, зроблены магілёўскім рэгіянальным тэлебачаннем (https://www.tvrmogilev.by/ru/news/region/gastronomicheskij-turizm–novaya-izyuminka-mstislavlya.html).

Другі канцэпт проста дзіўны. Зірнуўшы на мазгавыя штурмы, праведзеныя ў Мсціславе трэнерамі з Еўропы, расейцы не сталі драбязніцца. Ці ведаеце вы, што пасёлак Манастыршчына, у якім жыве ўсяго 3600 жыхароў, з’яўляецца радзімай «Пошты Расеі»? Як ні дзіўна, але гэта гістарычны факт – смаленская пошта была першай рэгулярна дзеючай у Маскоўскай дзяржаве ў 1665 годзе. Цяпер Манастыршчына можа замацаваць гэты брэнд за сабой.

Трэці праект Манастыршчыны будзе тычыцца часоў Паўночнай вайны і Андрусаўскага перамір’я, якія мала каму што кажуць. А вось суседнія Хіславічы робяць стаўку на помнікі архітэктуры, гісторыю льнаводства і гасцявыя дамы – роўна тое, што прапануе наш Мсціслаў.

«Народныя цэнтры гасціннасці» створаныя пасля дэталёвага аналізу турыстычных рэсурсаў кожнай памежнай тэрыторыі і вывучэння сучаснага партрэта госця. Зразумела, што вывучалася памежная тэрыторыя з абодвух бакоў мяжы. Фокус дзейнасці абраны досыць пісьменна.

Напрыклад, беларусы самі асабліва не ведаюць, што фантаст Айзек Азімаў нарадзіўся ў вёсцы Пятровічы Магілёўскай вобласці. Бянтэжыць іх тое, што ў трохгадовым узросце ён ужо з’ехаў у ЗША. Але гэта ані не бянтэжыць расейцаў. У 2020 годзе ў Шумяцкім раёне, на тэрыторыі якога зараз і знаходзіцца выміраючая памежная вёска Пятровічы, да 100-годдзя пісьменніка пройдзе міжнародны фестываль «Фэнтэзі-FEST». Isaac Asimov стане брэндам Шумячаў.

Фота: kultura.admin-smolensk.ru

Спрытна вядуць справы і ў Краснінскім раёне. Беларусы не вельмі паваротліва распараджаюцца спадчынай вайны 1812 года. Іх бянтэжыць фігура Напалеона Банапарта. Улады да гэтага часу не ведаюць, як да яго ставіцца – ці то агрэсар, ці то геній. Але пры адсутнасці тур-прапановы, яна з’явіцца ў іншым месцы. Акрамя помнікаў і мемарыялаў, прысвечаным 1812 году, Старой Смаленскай дарогі і іншых сцяжынак, па якіх ішла французская армія, Краснінскі раён Смаленшчыны прапануе гастранамічную фішку – страву “Банапарт” (яблыкі ў слаёным цесце).

Як чакаюць аўтары ідэі сеткі «Народных цэнтраў гасціннасці», у выніку ў Смаленскай вобласці з’явяцца новыя падзейныя мерапрыемствы, арыгінальныя сувеніры, у тым ліку гастранамічныя, адпаведныя выбраным напрамку, інтэрактыўныя турыстычна-экскурсійныя праграмы і маршруты. Такая вось інтэграцыя ў Саюзнай дзяржаве: лепшае адыходзіць Смаленску.