Вы гэтага не ведалі.

10 ліпеня. Магілёў 2018га. Алесь Святліцкі


10 ліпеня 1994 года адбыўся другі тур першых у гісторыі Беларусі выбараў прэзідэнта. Краіну ўзначаліў дырэктар саўгаса «Гарадзец» у Шклоўскім раёне, народны дэпутат Аляксандр Лукашэнка. Другое месца, па афіцыйных дадзеных, заняў старшыня Савета Міністраў Вячаслаў Кебіч.

Лідэр Беларускага народнага фронту Зянон Пазняк, былы старшыня Вярхоўнага Савета (аналаг цяперашняга парламента – заўв. аўт) Станіслаў Шушкевіч, старшыня Саюза аграрнікаў Аляксандр Дубко і камуніст Васіль Новікаў прайгралі яшчэ ў першым туры 23 чэрвеня.

Выбары ўвайшлі ў гісторыю Беларусі як найбольш дэмакратычныя. Усе астатнія выбарчыя кампаніі праходзілі ўжо пад поўным патранажам Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніка Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай.

Магілёў і вобласць былі асабліва важнымі для Лукашэнкі – тут знаходзілася ягонае месца працы, сям’я і асноўны электарат. Нядзіўна, што ў 1994 годзе тут адбываліся падзеі і гаварыліся словы, якія у 2018 здзіўляюць.

Лукашэнка абвінаваціў кіраўніцтва Магілёва ў маніпуляцыі дэпутатамі

Пачатак 1994 года для Беларусі быў тым яшчэ пахмельным сіндромам. Грошай не было, заводы спыняліся, жыхары мітынгавалі і заклікалі ўрад скокнуць ўсім складам са скалы.

12 студзеня на плошчы Леніна перад будынкам Дома Саветаў сабралася вялізная колькасць людзей, якая запатрабавала выйсці да іх дэпутатаў абласнога Савета.

Першымі выйшлі дэмакраты Наталля Рослава і Сяргей Абадоўскі, якія пачалі дыялог з натоўпам. Затым да людзей выйшаў Мікалай Грынёў – на той момант старшыня Магілёўскага аблвыканкама. На яго прыйшлася асноўная злосць мітынгоўцаў.

Аляксандр Лукашэнка выдатна ведаў пра настроі магілёўцаў. 25 студзеня падчас выступлення ў машынабудаўнічым інстытуце (цяпер – БРУ), будучы прэзідэнт абвінаваціў Грынёва у тым, што той з’яўляецца марыянеткай ўрада і асабіста Вячаслава Кебіча. Канкрэтна – у тым, што Грынёў, як і старшыні іншых абласцей, падкупляюць дэпутатаў у Вярхоўным Савеце РБ.

Словы былі сустрэтыя з захапленнем. Журналіст «Магілёўскай праўды» Аляксандр Тарпачоў, які пісаў пра сустрэчу, заўважыў, што «Лукашэнка кажа тое, што хочуць чуць людзі, і таму карыстаецца вялікай папулярнасцю».

Лукашэнка запэўніваў, што не хоча быць прэзідэнтам

Калісьці ў Беларусі ніякага прэзідэнта краіны не было. Многія жыхары бачылі ў гэтым прычыну беднасці і разрухі – дэпутаты Вярхоўнага Савета ніяк не маглі дамовіцца паміж сабой аб вырашэнні праблем, а Савет Міністраў на чале з Кебічам выглядаў імпатэнтна.

На гэтым фоне з’явіліся размовы аб увядзенні ў краіне пасады прэзідэнта. Вярхоўны Савет вырашыў зрабіць гэта тады ж, калі і прыняць новую Канстытуцыю – 15 сакавіка 1994 года. Але канкрэтыкі не было. Больш за тое, не было дакладна вядома, ці сапраўды з’явіцца гэтая пасада.

Напачатку студзеня 1994 года Лукашэнка даў інтэрв’ю газеце «Веснік Магілёва». Журналіст пацікавіўся ў яго, «ці праўдзівыя чуткі, што Аляксандр Рыгоравіч рвецца ў прэзідэнты».

На гэта Лукашэнка рэзка адказаў, што ўсе гэтыя чуткі – «спробы злоснікаў абпляваць і дыскрэдытаваць яго».

Праўда крыху пазней, падчас ўжо згаданай сустрэчы ў машынабудаўнічым інстытуце, Лукашэнка заявіў, што краіне «тэрмінова патрэбны прэзыдэнт».

– Калектыўная безадказнасць больш працягвацца не можа, – як адрэзаў будучы кіраўнік Беларусі.

Магілёўская газета хацела бачыць Лукашэнку галоўным праваабаронцам краіны

У студзені 1994 года ў Расіі ўпершыню ў гісторыі з’явіўся Упаўнаважаны па правах чалавека – амбудсмэн. Ім стаў праваабаронца і савецкі дысідэнт Сяргей Кавалёў, дэпутат Дзярждумы РФ I склікання, удзельнік першай адкрытай незалежнай праваабарончай грамадскай арганізацыі ў СССР.

Прыклад суседкі быў заразлівым – у нумары ад 10 лютага 1994 года журналіст «Весніка Магілёва» Я. Уладзіміраў абвясціў аб тым, што на пасадзе амбудсмена ў Беларусі бачыць толькі Аляксандра Рыгоравіча:

«Аляксандр Лукашэнка – гэта наш стыхійны амбудсмэн ў Беларусі, упаўнаважаны самім народам быць абаронцам правоў чалавека».

Галоўнай каштоўнасцю будучага прэзідэнта Уладзіміраў называў тое, як ён бясстрашна змагаецца з карупцыяй і шкодніцтвам ва ўрадзе і Вярхоўным Савеце.

Дарэчы, пакутаваў Аляксандр Рыгоравіч роўна так, як сёння пакутуюць праваабаронцы і палітычныя актывісты. У траўні 94-га ён заявіў, што «на яго накіраваны дзікае ціск», і што міліцыя затрымала ў Гродна яго ініцыятыўную групу падчас збору подпісаў (якая іронія). У палітычным прэсінгу ён абвінаваціў «Вячаслава Кебіча і дзяржаўны апарат».

Адчуваў страх перад першымі выбарамі, як перад першай пасяўной у саўгасе

У траўні 94-га года Лукашэнка даў вялікую прэс-канферэнцыю для магілёўскіх журналістаў. Там ён заявіў, што вакол яго ствараюць інфармацыйны вакуум, каб ён толькі не стаў прэзідэнтам.

Разам з тым Аляксандр Рыгоравіч быў упэўнены, што пераможа ўжо ў першым туры. Ён сказаў, што «усведамляе, куды лезе, і адчувае пэўны страх, як калісьці перад першай пасяўной у саўгасе». Праўда, «крэсла прэзідэнта нікаму б не саступіў».

Лукашэнка быў як Навальны і «мачыў» былога кіраўніка УУС Магаблвыканкама.

Напачатку 90-х гадоў у расейскага палітыка Аляксея Навальнага быў бы годны супернік. Аляксандр Лукашэнка зарабіў сабе папулярнасць сваім антыкарупцыйным дакладам у снежні 1993 года, падчас якога прайшоўся па членах урада і дэпутатах Вярхоўнага Савета. З-за гэтага пасады спікера ВС пазбавіўся Станіслаў Шушкевіч, які «скраў дзве ці тры скрыні цвікоў”.

Але Лукашэнка біў і па рэгіёнах. Будучы прэзідэнт абвінаваціў намесніка міністра МУС Барыса Алданава, які доўгі час узначальваў УУС Магілёўскага аблвыканкама, у незаконнай куплі аўтамабіля для сына. Паводле слоў Лукашэнкі, сын Алданава выкарыстаў аўто для рэкету камерцыйных кропак у Магілёве, ад «плошчы Леніна да Чырвонай зоркі».

Сам Алданаў падчас візіту ў Магілёў гэтыя абвінавачванні абверг. Пракурор Магілёўскай вобласці Л. Нікалаеў пацвердзіў, што ніякай куплі аўто з боку Алданава зафіксавана не было.

Намеснік міністра мог падаць на Лукашэнку ў суд для абароны сваіх гонару і годнасці, але адмовіўся ад ідэі, паколькі гэта адбывалася падчас выбарчай кампаніі:

«Калі я зраблю так, то тут жа скажуць, што Алданава «паднялі» супраць кандыдата ў прэзідэнты. Беспадстаўныя абвінавачванні ў мой адрас, у адрас іншых людзей – гэта не што іншае, як жаданне набыць сярод насельніцтва танны аўтарытэт», – тлумачыў экс-начальнік УУС журналістам у траўні 1994 года.

Кебіч папярэджваў магілёўцаў аб магчымых рэпрэсіях з боку Лукашэнкі

Стаўленне да старшыні Савета Міністраў Вячаслава Кебіча, нягледзячы на магутную адміністрацыйную падтрымку, у насельніцтва было прахалоднае. Яго не любілі за тое, што ён раздаваў шмат абяцанняў, але пры гэтым Беларусь усё больш паўзла у галечу.

Нягледзячы на гэта, Кебіч планаваў выйграць выбары, а сярод сваіх канкурэнтаў бачыў Лукашэнку і Пазняка.

Падчас візіту ў Магілёўскі раён за тры тыдні да першага туру выбараў, Кебіч заявіў, што калі прэзідэнтам стане Зянон Пазняк, то «яму і іншым камуністам адразу прыйдзецца шукаць сабе палітычны прытулак».

Лукашэнку старшыня Саўміна абвінаваціў у несумленнай гульні:

«Я маю звесткі, што на Лукашэнку можа быць зладжана ілжэзамах, каб народ яго пашкадаваў і выбраў. Калі Лукашэнка выйграе выбары, то ён можа пачаць з вяртання ў 37 год», – распавядаў Кебіч «Магілёўскай праўдзе».

Трэба сказаць, што нумар газеты са словамі Кебіча выйшаў 11 чэрвеня, а 16 чэрвеня на Лукашэнка сапраўды быў нібыта здзейснены замах, які следства прызнала інсцэніроўкай. Сам Лукашэнка заявіў, што на следства цісне адміністрацыя Кебіча.